калупа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Разм.

1. Падчэпліваючы чым‑н. вострым, аддзяляць, абдзіраць што‑н.; рабіць у чым‑н. паглыбленне. Калупаць тынкоўку. □ [Рымша] палкаю выводзіць літары, калупае зямлю каля сцяны млына. Гурскі. [Даніла] збянтэжана калупаў відэльцам хлебную скарынку. Дуброўскі. // Капаць, ускопваць. «Рана бабка свае градкі калупае», — падумаў [Васіль]. Шамякін. — Ну, тайга, дык тайга, нарабілі мы сабе курані і пачалі сяк-так сек[чы] лес ды калупаць зямлю паміж пнёў. Галавач. // а таксама чым і без дап. Капацца, корпацца ў чым‑н., дастаючы адтуль што‑н. Пшыбыцкі сеў, пачаў калупаць нейкай трэсачкай у зубах. Курто.

2. перан. Разм. (у спалучэнні са словамі «зямля», «зямелька» і пад.). Займацца земляробствам, весці гаспадарку. [Змітрок:] А з мяне даволі таго, што я ёсць: што ж будзе, калі ўсе ў прафесары пададуцца? А зямельку хто будзе калупаць? Губарэвіч. Я ніколі не памятаю .. [бацькі] за плугам ці з касой у руках, хаця, відаць, і ён часамі калупаў зямлю. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)