Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кампенсава́цца, ‑суецца; зак. і незак.

1. Аплаціцца (аплачвацца), ураўнаважыцца (ураўнаважвацца).

2. толькі незак. Зал. да кампенсаваць.

кампенсава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак. і незак., што.

Аплаціць (аплачваць), накрыць (пакрываць) выдаткі, страты, чужую працу і інш. Кампенсаваць нанесеныя страты. // Ураўнаважыць (ураўнаважваць), замяніць (замяняць) чым‑н. Аўгіня кампенсавала .. [дачцы] бацькаву халоднасць гарачымі матчынымі ласкамі. Колас. Па дарозе надумаў [Кірыла] .. заехаць адразу да Зосі і размовай з ёй кампенсаваць страчаны дзень. Шамякін.

кампенса́тар, ‑а, м.

Усякі прыбор, прызначаны ўраўнаважваць уздзеянне знешніх фактараў (тэмпературы, ціску, скорасці і інш.) на работу механізмаў.

[Ад лац. compensare — ураўнаважваць, ураўноўваць.]

кампенсацы́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да кампенсацыі (у 1 знач.), звязаны з ёй. Кампенсацыйныя выдаткі.

2. Які служыць для кампенсацыі (у 3 знач.); ізаляваны ад знешніх уздзеянняў. Кампенсацыйная ўстаноўка. Кампенсацыйны маятнік.

кампенса́цыя, ‑і, ж.

1. Аплата, узнагарода за якую‑н. работу; пакрыццё выдаткаў, страт і інш. Грашовая кампенсацыя. □ Паколькі ж адкупілася Староста ад жаніха занадта дарагой цаной, царква, у парадку, так сказаць, кампенсацыі, залічыла яе ў святыя. Краўчанка. // Выплата рабочаму або служачаму грашовых сум звыш зарплаты ў прадугледжаных законам выпадках. Кампенсацыя за нескарыстаны адпачынак.

2. Ураўнаважванне, выраўноўванне ў арганізме парушаных функцый шляхам іх нейтралізацыі. Кампенсацыя парока сэрца гіпертрафіяй.

3. Ліквідацыя знешніх уздзеянняў (тэмпературы, атмасфернага ціску і пад.) на работу дакладных механізмаў. Кампенсацыя компаса. Кампенсацыя маятніка.

[Лац. compensatio.]

кампетэ́нтнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць кампетэнтнага; дасведчанасць. Кампетэнтнасць меркавання. Кампетэнтнасць суда.

кампетэ́нтны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн.

1. Які мае дастатковыя веды ў якой‑н. галіне; дасведчаны. [Хадановіч], калі прызнацца, не надта быў кампетэнтны ў пытаннях севазвароту або ў справе ўгнаення палёў. Грамовіч. // Заснаваны на дасведчанасці; кваліфікаваны, аўтарытэтны. Кампетэнтная думка.

2. Які мае пэўныя паўнамоцтвы. Кампетэнтная арганізацыя.

[Ад лац. competens, competensis — адпаведны, здольны.]

кампетэ́нцыя, ‑і, ж.

1. Дасведчанасць у якой‑н. справе. Гэтыя праблемы не ў яго кампетэнцыі.

2. Сукупнасць правоў і абавязкаў той ці іншай установы або адказнай асобы. Кампетэнцыя судовых органаў. □ — У чыёй кампетэнцыі справа кааптацыі членаў у акружком? — запытаўся [Андрэй]. Пестрак. Гукам быў упэўнены, што Шыковіч прыйшоў з-за сына, хоць не разумеў, чым ён мог памагчы. Вызваліць з-пад арышту — не яго кампетэнцыя. Шамякін.

кампілява́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. кампіляваць.

кампілява́цца, ‑люецца; незак.

Зал. да кампіляваць.