карысталюбі́вы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і карыслівы. Карысталюбівы чалавек.
карыста́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. карыстацца (у 1 знач.). Зручны для карыстання. Месцы агульнага карыстання. □ — У дакуменце павінна быць напісана, што памешчык Абхазава адмаўляецца ад карыстання лесам і лугам, якія ён захапіў у сялян Сабакучава. Самуйлёнак.
карыста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., чым.
1. Выкарыстоўваць для сваіх патрэб. Каля дому быў яшчэ невялікі кавалак зямлі, якім, за адсутнасцю гаспадароў сядзібы, карыстаўся адзін з суседзяў. Самуйлёнак. Кнігамі асокінскай бібліятэкі Карніцкі карыстаўся даволі часта. Паслядовіч. // Прымяняць што‑н. як прыладу, сродак. Карыстацца новым абсталяваннем. Карыстацца прагрэсіўнымі метадамі. □ У гутарцы [Казімір] любіў карыстацца мясцовымі народнымі прымаўкамі. Пестрак.
2. Выкарыстоўваць што‑н. у сваіх інтарэсах, атрымліваць выгаду, карысць з чаго‑н. Карыстацца момантам. Карыстацца людской дабратой. □ Рыначнай мітуснёй часта карысталіся і падпольшчыкі. Новікаў.
3. Мець што‑н. (аўтарытэт, павагу, права і інш.). Карыстацца папулярнасцю. □ Насця Рагіна карысталася славай прыгажуні на ўвесь сельсавет. Шамякін. Нягледзячы на тое, што Макар быў прыгожы хлопец, ён поспехам не карыстаўся. Бядуля.
кары́сць, ‑і, ж.
Добры рэзультат, спрыяльныя вынікі для каго‑, чаго‑н. Усе пагаджаліся на думцы, што Шаройку трэба змяніць, і чым хутчэй — тым больш карысці будзе для калгаса. Шамякін. Фабрыкант Альбіні, які далучыўся да нас, сваім прыкладам, зрабіў значную карысць усёй справе. Маўр. // Матэрыяльная выгада для каго‑, чаго‑н.; прыбытак. Мець карысць з уласнай працы.
•••
Гаварыць на карысць каго-чаго гл. гаварыць.
На карысць каго-чаго — а) са станоўчымі вынікамі для каго‑, чаго‑н. Сялянка падала на кулака скаргу, і гэтая справа вырашылася на карысць сялянкі. Сіпакоў; б) дзеля чыёй‑н. выгады, карысці. У жыцці камсамольца Віктара адбылася значная змена, якая ў сутнасці рэчы пайшла яму на карысць. Зарэцкі.
кары́та, ‑а, М ‑рыце, н.
Прадаўгаватая пасудзіна, выдзеўбаная з дрэва або збітая з дошак, якая скарыстоўваецца звычайна для кармлення жывёлы. Дубовае карыта. Свіное карыта. □ [Наталля] дастала з печы чыгун паранай бульбы, пасекла ў карыце і замяшала свінням. Чорны. Калі гусяняты заканчвалі выбіраць насамі-лодачкамі корм з карытаў, дзяўчынкі гналі іх на возера. Даніленка. // Пра старое, непрыгоднае судна, лодку. Усхапіўся дзядзька мокры, брудны, А вынік спробы той паскудны: Чаўнок не човен, а карыта, І нос і частка дна адбіта. Колас.
•••
Лезці не ў сваё карыта гл. лезці.
Разбітае (старое) карыта — пра што‑н. старое, непрыгоднае. — Гэта не машына, а старое карыта, сэр. Тарантас фермера Молі. Шамякін.
карытападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які мае форму карыта. Карытападобная лагчына.
кары́тца, ‑а, н.
Памянш. да карыта; невялікае карыта. [Піліп] са смакам піў з карытца бярозавік. Шчарбатаў.
карыфе́й, ‑я, м.
1. Кіраўнік хору ў старажытнагрэчаскім тэатры.
2. перан. Выс. Выдатны дзеяч на якім‑н. долі дзейнасці. Карыфей навукі. Карыфей тэатра. Карыфеі сусветнай літаратуры.
[Грэч. koryphaios.]
кары́ца 1, ‑ы, ж.
Ласк. да кара 1.
кары́ца 2, ‑ы, ж.
Высушаная пахучая кара з галінак карычных дрэў (скарыстоўваецца як вострая прыправа і інш.).