карыстацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., чым.
1. Выкарыстоўваць для сваіх патрэб. Каля дому быў яшчэ невялікі кавалак зямлі, якім, за адсутнасцю гаспадароў сядзібы, карыстаўся адзін з суседзяў. Самуйлёнак. Кнігамі асокінскай бібліятэкі Карніцкі карыстаўся даволі часта. Паслядовіч. // Прымяняць што‑н. як прыладу, сродак. Карыстацца новым абсталяваннем. Карыстацца прагрэсіўнымі метадамі. ▪ У гутарцы [Казімір] любіў карыстацца мясцовымі народнымі прымаўкамі. Пестрак.
2. Выкарыстоўваць што‑н. у сваіх інтарэсах, атрымліваць выгаду, карысць з чаго‑н. Карыстацца момантам. Карыстацца людской дабратой. ▪ Рыначнай мітуснёй часта карысталіся і падпольшчыкі. Новікаў.
3. Мець што‑н. (аўтарытэт, павагу, права і інш.). Карыстацца папулярнасцю. ▪ Насця Рагіна карысталася славай прыгажуні на ўвесь сельсавет. Шамякін. Нягледзячы на тое, што Макар быў прыгожы хлопец, ён поспехам не карыстаўся. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)