Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

самазва́нства, ‑а, н.

Незаконнае прысваенне сабе чужога імя, звання.

самазва́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які самавольна, незаконна прысвоіў сабе чужое імя, званне. — Цікава, а што скажа самазваны старшыня Зубкоўскі? — спытаўся Швец. Гурскі. Стрэльбай грукнуў у дзверы: «Выходзь да мяне, Гаспадар самазваны, на ганак!» Куляшоў.

2. Разм. Які па сваёй ініцыятыве ўзяўся за якую‑н. справу. Назло прарокам самазваным, Што глуха каркаць пачалі, Спявайце [юныя паэты] спевам нечуваным На мове любай вам зямлі! Гілевіч.

самаздаво́ленасць, ‑і, ж.

Стан самаздаволенага. З гадамі самаздаволенасць Адама ўзмацнялася; ён рабіўся чэрствым, эгаістычным. Кудраўцаў. Як змяніўся.. [Данік]! Знікла наіўная дзіцячая самаздаволенасць, ганарлівасць. Лупсякоў.

самаздаво́ленне, ‑я, н.

Тое, што і самаздаволенасць. Пасля гэтага разважання з самім сабой у Смачнага зноў з’явілася самаздаволенне, што ён, камуніст Смачны, змог званне партыйца, рэвалюцыянера паставіць вышэй пачуццяў сяброўскіх, хай самых моцных. Галавач.

самаздаво́лены, ‑ая, ‑ае.

Такі, які здаволены сабой, перакананы ў сваёй перавазе, годнасці і паказвае, праяўляе гэту здаволенасць. Самаздаволеныя пустасловы. □ Вейс быў недалёкі чалавек, самаздаволены, саманадзейны. Лынькоў. Сказаць так, каб гэта было папрокам самаздаволенаму Граку, які дванаццаць год старшынствуе тут, выстаўляе гэта як сваю заслугу, а слядоў гаспадарання яго не відно. Шамякін. // Які выражае здаволенасць самім сабою, сведчыць пра гэта. Было відаць, што ў .. [Дулькі] ўсё прадумана. Пачала нават выпрацоўвацца свая поза і голас — самаздаволены, з прыпынкамі «а-хм... гм...». Кірэенка.

самазма́зачны, ‑ая, ‑ае.

У выразе: самазмазачны падшыпнік — падшыпнік, які змазваецца аўтаматычна.

самазма́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

Аўтаматычная змазка.

самазма́нства, ‑а, н.

Зман самога сябе; унушэнне сабе таго, чаго сапраўды не існуе. [Лабановіч] сам наводзіў на сябе прыемны туман самазманства. Колас.

самазневажа́нне, ‑я, м.

Зневажанне самога сябе, прызнанне сябе нікчэмным.

самазнішчэ́нне, ‑я, н.

Знішчэнне самога сябе або адзін аднаго. // перан. Разм. Злоўжыванне чым‑н. на шкоду свайму здароўю. — Вы тут займаецеся самазнішчэннем [куры́це], а я падамся на свежае паветра. Прокша.