Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сатле́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які, гніючы, ператварыўся ў труху; струхлелы, спарахнелы. Сатлелая кара на бярвенні паабівалася, ногі коўзаліся, ды спрыту ў Ягора хапала на любым бервяне: хоць салам змаж — пройдзе, збоку зірнеш — танцуе на кругляшы, артыст. Карамазаў. Неўзабаве з-пад зямлі выцягнулі самазарадную вінтоўку, кулямётныя стужкі і сатлелую вопратку. «Беларусь».

2. Які, тлеючы, згарэў, ператварыўся ў попел. І вецер шустры сваё жніва Збіраў з сатлелых вугалёў. Колас.

сатле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Гніючы, разбурыцца; згнісці, струхлець, спарахнець. Труп сатлеў ужо напалову, час знішчыў рысы твару. Лынькоў. Дакументы настолькі сатлелі, што прачытаць іх было амаль немагчыма. «Беларусь».

2. Тлеючы, згарэць, ператварыцца ў попел. Старая [лазня] згарэла тры гады назад. Не тое каб агнём, а проста — так ужо напалілі, такі быў у ёй мятны ды густы дух з парай, што яна ціха сабе сатлела за ноч, не вытрывала. Караткевіч.

сатня́га, ‑і, ДМ ‑нязе, ж.

Разм. Сто рублёў.

сатра́п, ‑а, м.

1. Правіцель вобласці, правінцыі ў старажытным Іране, які меў неабмежаваную ўладу.

2. перан. Кніжн. Жорсткі начальнік, самадур, дэспат, тыран. Мова і літаратура беларусаў загналі нямала здзекаў і знявагі ад царскіх сатрапаў. Казека. А генерал-губернатарам у Вільню царскі ўрад паслаў свайго выдатнага сатрапа — барона фон-Валя. Гарэцкі.

[Грэч. satrapēs.]

сатра́пія, ‑і, ж.

Вобласць, правінцыя, якой кіраваў сатрап (у 1 знач.).

сатура́тар, ‑а, м.

Спец.

1. Апарат для насычэння вадкасцей вуглякіслым газам.

2. Апарат для хімічнай апрацоўкі вуглякіслым газам цукровага соку.

[Ад лац. saturo — насычаю, напаўняю.]

сатура́тарны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да сатуратара, з’яўляецца ім. Сатуратарная ўстаноўка. // Забяспечаны сатуратарам.

сатурацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сатурацыі; які прызначаны, служыць для сатурацыі. Сатурацыйны газ. Сатурацыйная станцыя.

сатура́цыя, ‑і, ж.

Спец.

1. Насычэнне вадкасцей вуглякіслым газам; газіраванне. Сатурацыя пеністых він.

2. Хімічная апрацоўка цукровага соку вуглякіслым газам для выдалення з яго вапны.

[Ад лац. saturatio — насычэнне.]

сатурна́ліі, ‑ій; адз. сатурналія, ‑і, ж.

У Старажытным Рыме — свята ў гонар бога Сатурна, якое спраўлялася пасля заканчэння палявых работ. // перан. Бесшабашная гулянка; папойка.

[Лац. Saturnalia.]