Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сапе́рніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да саперніцтва, саперніка, уласцівы ім.

сапе́рніцтва, ‑а, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сапернічаць; імкненне перамагчы каго‑н. у чым‑н. К пачатку 70‑х гадоў выразна вызначыліся асноўныя цэнтры імперыялістычнага саперніцтва: гэта ЗША — Заходняя Еўропа (перш за ўсё — шасцёрка краін «Агульнага рынку») — Японія. Брэжнеў.

сапе́рнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Імкнуцца перамагчы каго‑н., дабіваючыся адной і той жа мэты. Сапернічаць на рынгу. // Уступаць у саперніцтва, дамагаючыся кахання якой‑н. жанчыны (якога‑н. мужчыны).

2. Мець роўныя з кім‑н. заслугі, аднолькавыя якасці. На працягу ўсяго бронзавага веку з металам паспяхова сапернічаў камень. Штыхаў.

сапёр, ‑а, м.

Ваеннаслужачы сапёрных (інжынерна-сапёрных) часцей і падраздзяленняў. Зноўку ноч. Паўзуць сапёры, На ваду кладуць масты. А. Александровіч. Калі пачаліся баі на Хасане, .. [Мікола], сапёр, быў у страі, размініраваў японскія пазіцыі. Новікаў. Танкісты выглядвалі з люкаў і весела махалі... шлемамі сапёрам, што рамантавалі дарогу. Шамякін.

[Фр. sapeur ад saper — весці падкоп.]

сапёраў, ‑ава.

Разм. Які належыць сапёру. Тут заўважыла.. [цётка Ганна] злубянелы, рукаў сапёравай гімнасцёркі. Лынькоў.

сапёрны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сапёраў, належыць ім. Сапёрны лейтэнант завіхаўся.. ля шнуроў, што працягнуліся белымі ніткамі ў дэпо, да водаразборнай палонкі, да вадакачкі. Лынькоў. // Які складаецца з сапёраў. Сапёрны батальён. Сапёрная рота. □ Большасць.. [супрацоўнікаў] была на фронце — у інтэнданцтве і сапёрных часцях. Карпаў.

2. Які мае адносіны да ваенна-інжынерных работ, звязаны з імі. Сапёрныя работы. // Прызначаны для выканання ваенна-інжынерных работ. Сапёрны інструмент. □ Была б сякера ці хоць сапёрная рыдлёўка. [Дзмітрый] высек бы елачкі, што засланяюць святло. Беразняк. [Байцы] нічога не кінулі, не запіхнулі ў крапіву нават сапёрных лапатак. Дамашэвіч.

саплі́васць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць і якасць саплівага.

саплі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Такі, у якога цякуць з носа соплі. Саплівае дзіця. □ Пад рукі лез саплівы Франак. Лойка. // Выпацканы соплямі. Саплівая насоўка. // перан. Плаксівы, слязлівы. — Яшчэ адно слова! — пагрозна зашаптаў Тарыел. — Яшчэ адно слова, чортавыя вы, саплівыя бабы! Самуйлёнак.

2. перан. Пагард. Малы па гадах або вельмі малады, нявопытны. [Параска:] — Не перашкаджайце спаць, ухажоры саплівыя! Шамякін.

сапло́, ‑а, н.

Канал спецыяльнага профілю, прызначаны для разгону вадкасцей ці газаў да пэўнай скорасці і надавання патоку зададзенага кірунку. Аж задрыжала даль ад грому, Бушуе полымя з сапла, У вышыні над касмадромам — Палоска зыркага святла. Матэвушаў.

сапля́к, ‑а, м.

Разм.

1. Саплівае дзіця.

2. Пагард. Дзіця, малы. [Пецька:] — Даўлянуў бы, здаецца, ды шкада сапляка — малы, дурны... Масарэнка. // Вельмі малады, няўмелы, нявопытны чалавек; малакасос. [Андрэй:] — Зірнуў я гэта скоса на вартавога, ат, сапляк нейкі, ды яшчэ з ліхтаром чырвоным. Лынькоў.