Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кача́нне 1, ‑я, н., зб.

Качаны, галоўкі капусты. За хатамі зелянелі ўтульныя садкі, бялела гусінымі статкамі качанне капусты на агародах. Хадкевіч.

кача́нне 2, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. капаць і качацца.

кача́нны, ‑ая, ‑ае.

Які расце качаном, захоўваецца ў качанах. Качанная капуста.

качаня́ і качанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нат; н.

Птушаня качкі.

ка́чар, ‑а, м.

Самец качкі. Усюды пырхалі птушкі, .. настойліва клікаў да сябе качак качар. Сачанка.

качарга́, і́, ДМ ‑рзе́; мн. качэ́ргі (з ліч. 2, 3, 4 качаргі́), качэ́рг і ‑аў; ж.

Жалезны прут, сагнуты на канцы, для перамешвання паліва ў печы, выграбання попелу і пад. Падбярэцкі рассунуў вуголле качаргой у бакі і паклаў у агонь два ланцугі. Пташнікаў. [Дзіміна] стаяла крыху ўбаку і безуважна пазірала, як плавільшчык качаргой ачышчае печ ад шлаку. Карпаў.

•••

Ні богу свечка, ні чорту качарга гл. свечка.

качарэ́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жан; ж.

Памянш. да качарга; невялікая качарга. Маці грозна пазірае на качарэжку каля печы. Лынькоў.

качарэ́жнік, ‑а, м.

Вугал каля печы, дзе стаяць качарга, вілкі, чапяла і інш. Матка паставіла чапялу ў качарэжнік і падышла да стала. Пянкрат. У качарэжніку, замест чапялы і вілак, стаяла на табурэце ацынкаванае вядро. Паслядовіч.

кача́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Тое, што і каціцца ​1 (у 1 знач.), аднак абазначае рух, які адбываецца ў розны час і ў розных напрамках. Мяч качаецца па падлозе. // Пераварочвацца, перавальвацца з боку на бок (пра чалавека, жывёлу). На падлозе, счапіўшыся, качаліся бацька і незнаёмы паліцай. Шамякін. Конь пачаў кідацца ў бакі, качацца па зямлі і стукаць нагамі. Чорны. // Ляжаць, валяцца (у пяску, гразі і пад.). Качацца па снезе. □ Зранку і да самага вечара галышамі качаюцца тут дзеці, то ў пяску, то ў вадзе. Колас.

2. Ляжаць без справы, без сну. [Сомік] начамі падоўгу качаўся, не мог заснуць. Крапіва.

3. Разм. Хварэць, быць хворым. — Я таксама хутка пачну працаваць. Здароўе папраўляецца. Праўда, сёння яшчэ першы раз выйшаў. Дагэтуль качаўся ўсё. Машара. — [Сын] з месяц качаўся з прабітым плячом. Грахоўскі.

4. Разм. Гадавацца, расці без догляду, у цяжкіх умовах (пра дзяцей). [Марыля:] Як толькі нарадзіўся [сын], дык і то сябе паказаў — грудзей не прыняў, так, без малака, качаўся. Купала.

5. Паддавацца качанню ​2. Перасохлая бялізна дрэнна качаецца.

6. Зал. да качаць.

•••

Качацца (з) жыватом — хварэць на жывот.

Качацца са смеху — моцна смяяцца.

Качацца як сыр у масле — жыць у дастатку.

кача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Тое, што і каціць (у 1 знач.), аднак абазначае рух, які адбываецца ў розны час і ў розных напрамках. Качаць бярвенне. □ Дзеці дружна на бульвары Абручы качаюць. А. Александровіч. На палубе матросы качаюць бочкі, носяць скрынкі. Сіпакоў.

2. Размякчаючы рукамі і рухаючы па якой‑н. паверхні, надаваць чаму‑н. акруглую форму. Глядзелі хлопцы, як на дзіва, Як дзядзька, цеста замяшаўшы, Качаў галушкі, міску ўзяўшы. Колас.

3. Паварочваць з боку на бок у чым‑н. сыпкім, вязкім. Качаць рыбу ў муцэ. Качаць бульбіну ў тлушчы.

4. Разгладжваць, выпростваць з дапамогай качалкі, качалак. Качаць бялізну. // Спец. Рабіць пракатку. Качаць ліставое жалеза.

5. Разм. Падкідваць каго‑н. на руках, выражаючы радасць, захапленне і пад. А тут падхапілі Міколку на рукі і ну качаць. Лынькоў. Адкасілі шчыра — Сенажаці чыстыя... І качаюць брыгадзіра Дзецюкі плячыстыя. Маляўка.

6. Валіць на зямлю, перамагаць (пры дужанні, бойцы і пад.). [Валя] абівала ў мяне з плячэй снег, калі Пеця качаў нас у гурбах. Пташнікаў.

ка́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Вадаплаўная птушка сямейства качыных з шырокай пляскатай дзюбай і кароткімі шырока расстаўленымі лапкамі. Дзікая качка. Свойская качка. □ Гусі і качкі гнездзяцца над самай вадою. Чорны. З рэзкім посвістам крылаў праляцела чародка качак. Асіпенка.

•••

Ні качка, ні швачка — пра жанчыну, не здатную ні да якой справы.

Няхай яго (яе, іх, цябе, вас) качкі (стопчуць) (жарт.) — выражае незласлівае абурэнне, здзіўленне, захапленне.