Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сальцісо́нчык, ‑а, м.

Памянш.-ласк. да сальцісон.

салю́т, ‑у, М ‑люце, м.

1. Урачыстая форма прывітання або аддача пашаны каму‑, чаму‑н. ружэйнымі або артылерыйскімі залпамі, падняццем ці апусканнем сцяга і пад. Артылерыйскі салют. Развітальны салют. □ І ва ўсіх нас ёсць Радзіма, Што імёны нашы помніць І салюта громам гулкім Паўтарае з году ў год. Танк. І пачуў у той дзень ён [хлопчык] салют Перамогі, Што ў Маскве прагучаў, скалыхнуў увесь свет. Прыходзька.

2. Піянерскае прывітанне, якое выражаецца ў падняцці над галавой правай рукі. Піянеры застылі ў стройных шарэнгах, падняўшы рукі ў піянерскім салюце. «Маладосць». // Разм. Прывітанне пры сустрэчы з кім‑н. — Салют брыгадзіру! — выгукваў Марцін, падымаючы руку ў знак прывітання. Хадкевіч. — Салют, — казырнуўшы, .. [Сашка] павіншаваў тых, хто стаяў у калідоры. Гроднеў.

•••

Салют нацый — салют звычайна з 21 гарматнага залпа пры сустрэчы кіраўнікоў замежных дзяржаў.

[Фр. salut.]

салютава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. салютаваць.

салютава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., каму-чаму.

Аддаць (аддаваць) салют. З франтоў ішлі добрыя весткі, недзе амаль штодня салютавала Масква. Марціновіч. / у вобразным ужыв. Мора пырскамі гневу свайму салютуе. Чорны. Паравозу на раз’ездзе салютуюць семафоры. Вялюгін.

салютацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для салюту (у 1 знач.). Салютацыйныя ракеты. Салютацыйны зарад.

салютну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр.

Разм. Прывітаць каго‑н. Габінаў салютнуў.. [Галіне] рукою і кіўком галавы. Савіцкі.

салю́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да салюту, звязаны з ім. Салютны залп. Салютнае вітанне. □ Начныя стукі ў родны дом Ляцяць ціхутка, як гарошынкі, Але і ў іх ужо заложаны Салютны, пераможны гром. Семашкевіч.

саля... (гл. соле...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «соле...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: салявар, саляварня.

салява́р, ‑а, м.

Рабочы, спецыяліст па солеварэнню.

салява́рніцтва, ‑а, н.

Здабыванне солі выварваннем яе з вады.