Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кара́віцца, ‑віцца; незак.

Станавіцца каравым (у 1, 3 знач.); каравець. Абутак каравіцца.

караво́кі, ‑ая, ‑ае.

Які мае карыя вочы. На прыпынку ў калідоры вагона паяўляецца першы прадстаўнік чэхаславацкага народа, дабрадушны, крыху паўнаваты для сваіх маладых год, каравокі старшына-пагранічнік з папкай пад пахай. Мележ.

караву́л, ‑а, м.

1. Узброеная варта. [Койфер] выклікаў каравул. Праз хвіліну салдаты абкружылі яго дом. Шамякін. Часам даносяцца з аэрадрома прыглушаныя травой крокі людзей, відаць — змяняецца каравул. Лынькоў.

2. Нясенне варты; абавязкі па ахове чаго‑н. Несці каравул. □ Сходзіць [Мікалай] у каравул, пачысціць аўтамат і цэлыя суткі адпачывае. Алешка.

3. у знач. выкл. Разм. Заклік на дапамогу ў выпадку небяспекі. — Каравул! Палкоўніка ўкралі. Лынькоў.

•••

Узяць на каравул гл. узяць.

Браць (узяць) пад каравул гл. браць.

Хоць каравул крычы гл. крычаць.

[Ад цюрк. караул — варта, дазор.]

караву́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., каго-што і без дап.

1. Ахоўваць, вартаваць. Каравуліць лес. Каравуліць дабро. □ — Гэта дог наш, не бойся... Ён каравуліць наш сон... Лынькоў.

2. Разм. Падпільноўваць, чакаць каго‑, што‑н. — Я тут, сынок, вечарам пошту атрымаў, — Еўдакім нявесела ўсміхнуўся. — У весніцах запіску знайшоў. Нейкі гад падсунуў. Пагражаюць расквітацца са мной. Дык не сплю вось, каравулю. Курто.

караву́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм. Памяшканне для каравула або для вартаўніка. Калі Зося і Цімошка прыбеглі ў рэўком, яны там ужо нікога не знайшлі. Збеглі ўніз, у каравулку. І там нікога. Хомчанка. Побач, адзінока мясцілася атынкаваная будка-каравулка. Быкаў.

караву́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да каравула (у 1 знач.), прызначаны для яго. Каравульны начальнік. Каравульнае памяшканне. // Які стаіць у каравуле, нясе каравул. Каравульная каманда. □ Па капцах .. вёскі стаялі каравульныя чырвонаармейцы. Чарот.

2. Звязаны з нясеннем каравула (у 2 знач.). Партызаны неслі каравульную службу, пасты і сакрэты былі расстаўлены. Навуменка.

3. у знач. наз. караву́льны, ‑ага, м. Той, хто стаіць у каравуле. Паставіць каравульных. □ На пошце, тэлеграфе і ў іншых месцах з’яўляюцца каравулы вернага Часоваму ўраду франтавога камітэта, якія патрабуюць ад каравульных Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта здачы пастоў. «Полымя».

4. у знач. наз. караву́льная, ‑ай, ж. Памяшканне для каравула.

караву́льшчык, ‑а, м.

Разм. Той, хто каравуліць, вартуе каго‑, што‑н.

кара́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Каляны ад засохлай гразі; закарэлы. Каравая ануча. □ Баба прынесла з гары.. каравыя старыя нагавіцы. Чорны. // Вельмі брудны, запэцканы граззю. Каравая свіння.

2. Пакрыўлены, вузлаваты, з нарасцямі (пра дрэвы, расліны). Я стаяў пад караваю грушаю-дзічкаю адзін сярод чыстага поля. Сачанка. Не памятаю, як было, але вавёркаю я ўжо сядзеў на каравай алешыне. Нікановіч.

3. Загрубелы, нягнуткі, з шурпатай скурай (пра рукі, ногі). Каравыя пальцы. □ На возе, звесіўшы босыя каравыя ногі, сядзеў Дойла. Адамчык.

4. перан. Разм. Няскладны, няўмелы, груба выкананы. Каравы пераклад. Каравая фраза. □ Словы тыя .. адно за другое ніжуцца, каравыя, нязграбныя. Лынькоў.

каравя́к, ‑у, м.

Разм. Каровін кал.

каравя́чы,

гл. каровячы.