кара́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Каляны ад засохлай гразі; закарэлы. Каравая ануча. □ Баба прынесла з гары.. каравыя старыя нагавіцы. Чорны. // Вельмі брудны, запэцканы граззю. Каравая свіння.
2. Пакрыўлены, вузлаваты, з нарасцямі (пра дрэвы, расліны). Я стаяў пад караваю грушаю-дзічкаю адзін сярод чыстага поля. Сачанка. Не памятаю, як было, але вавёркаю я ўжо сядзеў на каравай алешыне. Нікановіч.
3. Загрубелы, нягнуткі, з шурпатай скурай (пра рукі, ногі). Каравыя пальцы. □ На возе, звесіўшы босыя каравыя ногі, сядзеў Дойла. Адамчык.
4. перан. Разм. Няскладны, няўмелы, груба выкананы. Каравы пераклад. Каравая фраза. □ Словы тыя .. адно за другое ніжуцца, каравыя, нязграбныя. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)