Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кане́ц, ‑нца, м.

1. Мяжа, край, апошняя кропка працягласці ў прасторы чаго‑н., а таксама прылягаючая да іх частка; проціл. пачатак. Канец палкі. Канец вёскі. □ Зазер’е — сяло вялікае. Адзін канец яго ўпіраецца ў возера, а другі хаваецца ў лесе. Ваданосаў. Адам рэзаў у хлеўчуку дровы. Прывітаўшыся, Мікола падхапіў другі канец лучковай пілы і моўчкі пачаў дапамагаць. Якімовіч.

2. Апошні момант чаго‑н., што мае працягласць у часе, а таксама час, звязаны з гэтым момантам. Канец дня. Канец года. □ Быў канец верасня, і маладыя бярозкі на ўзлессі стаялі ў залатым убранні. Шамякін. [Рыгорку] было вельмі сорамна, ён ледзь дасядзеў да канца заняткаў. Колас. // Завяршэнне, заканчэнне (справы, дзеяння і пад.). Маці патроху тлумачыла Юльцы велізарную кнігу жыцця — гэту мудрую рэч, якую чытаеш-чытаеш і ніколі да канца не даходзіш. Бядуля.

3. Разм. Смерць, гібель. Жарабец мог з маху ўдарыць сані аб сасну ці аб валун, тады дзяўчыне — канец! Карпюк. Хадзілі чуткі, што скора прыйдзе свабода і буржуям будзе канец. Лынькоў.

4. Вяроўка, канат, якія служаць для прычалу суднаў. — Гэй, на беразе! — данёсся хрыплаваты голас з мора. — Прымайце канец! Самуйлёнак.

5. толькі мн. (канцы́, ‑оў). Спец. Астатні нітак асновы, якія не могуць быць датканы і адразаюцца ад палатна.

•••

Аддаць канцы гл. аддаць.

Адзін канец — усё роўна, няхай будзе так.

Без канца — вельмі доўга, вельмі многа, бесперапынна.

Да канца — цалкам, поўнасцю.

Да канца дзён (сваіх) — да самай смерці.

Звесці канцы з канцамі гл. звесці.

Знайсці канец (канцы) гл. знайсці.

З усіх канцоў — адусюль, з розных напрамкаў (сысціся, з’ехацца і пад.).

Канца (канца-краю) не відаць (няма) гл. відаць.

Канца-меры няма гл. няма.

Канцы з канцамі не сходзяцца — а) няма ўзгодненасці, адпаведнасці паміж рознымі часткамі, старанамі чаго‑н.; б) у каго не хапае каму‑н. чаго‑н. на ўвесь вызначаны перыяд.

Канцы прыйшлі каму — наступіла смерць.

Канцы ў ваду — ніякіх слядоў (злачынства, правіннасці) не засталося.

На благі канец — пра бязвыхаднае, цяжкае становішча.

Не з таго канца — не так, як патрэбна (рабіць, пачынаць што‑н.).

Падбіць канцы гл. падбіць.

Пад канец — пры заканчэнні.

Палка з двума канцамі гл. палка.

У два канцы — туды і назад (ехаць, ісці і пад.).

Хаваць канцы гл. хаваць.

кане́чнасці, ‑ей; адз. канечнасць, ‑і, ж.

Рукі і ногі ў чалавека, органы руху ў жывёлы. Верхнія канечнасці. Ніжнія канечнасці. Заднія канечнасці.

кане́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае канец, мяжу (у прасторы і часе); проціл. бесканечны.

2. Які знаходзіцца на канцы чаго‑н., з’яўляецца канцом. Канечны пункт. □ Параход наводзіў туалет. Дні праз два зямля, канечны порт, не з’яўляцца ж туды неахайным карытам. Лынькоў.

кане́шне і кане́чне,

1. пабочн. сл. Само сабой зразумела, без сумнення. Аб гэтым канцэрце яшчэ задоўга прагудзелі ўсе вушы, і я вырашыў не прамінуць яго і, канешне, запрасіць Соню. Ракітны. Канечне, вельмі добра ведаць мову суседзяў, але найперш трэба ведаць сваю. Арабей.

2. прысл. Абавязкова, што б там ні было. Рызыкаваць хлопцам не хацелася: у іх жа вунь колькі зброі, і яны павінны канешне знайсці партызан... Якімовіч. // безас. у знач. вык. (часцей з адмоўем). Разм. Абавязкова. — А ты, брат Янка, пільнуй адзежу, бо прыдзецца зняць усё, апроч шапак... Не канечне стаяць над ёю крукам, — зрабіў агаворку Марцін, — а з вока спускаць не трэба. Колас. Пасля пачалі казаць: «Няхай сабе жывуць здаровенькі, а мне не канешне зрывацца з бацькаўскіх сцежак». Чорны.

3. сцвярдж. часціца. Так, зразумела, вядома. — [Ваш сын] служыў разам з маім Андрушам, хацела праведаць, пагаварыць... — А-а, яно канешне, канешне, — няпэўна прамовіў стары. Краўчанка.

канёк 1, канька, м.

1. Памянш.-ласк. да конь (у 1 знач.).

2. Разное ўпрыгожанне страхі, пераважна ў выглядзе конскай галавы. «Канькі» — гэта разныя ўпрыгожанні верхняй часткі франтона [«шчыта»] пры двухскатным даху. «Беларусь».

3. Востры верхні край, грэбень страхі. Новы чырвоненькі пеўнік на каньку хаты вось-вось збіраўся кукарэкнуць на ўвесь голас. Краўчанка.

4. перан. Любімая тэма размовы, любімы занятак каго‑н. [Вярноў] горача расказваў Ніне пра новыя творы маладнякоўцаў. Літаратурнае жыццё было яго каньком. Лобан. — Скрыпка і флейта — от на чым я выязджаў. Гэта мой канёк. Чорны.

канёк 2,

гл. канькі.

каніба́л, ‑а, м.

Кніжн.

1. Людаед.

2. перан. Незвычайна жорсткі, люты чалавек.

[Фр. cannibale з ісп.]

канібалі́зм, ‑у, м.

Кніжн.

1. Людаедства.

2. перан. Жорсткасць, лютасць, варварства. Канібалізм нораваў.

[Фр. cannibalisme.]

каніба́льскі, ‑ая, ‑ае.

Кніжн.

1. Які мае адносіны да канібала (у 1 знач.).

2. перан. Жорсткі, люты, варварскі. Канібальскія норавы. Канібальскія планы.

каніба́льства, ‑а, н.

Тое, што і канібалізм (у 2 знач.).

кані́кулы, ‑аў; адз. няма.

Перапынак у занятках, які даецца навучэнцам для адпачынку. Летнія канікулы. □ Як толькі ў школе закончыліся заняткі і ў вучняў малодшых класаў пачаліся канікулы, .. [Лявонка] на другі ж дзень пагнаў разам з дзедам у лес калгасны статак. Шуцько. Набліжаліся зімовыя канікулы вучняў, і можна было адлучыцца на час са школы. Шахавец.

[Ад лац. caniculae.]