самаду́рства, ‑а, н.
Характар дзеянняў, паводзіны самадура. [Лемяшэвіч] не сумняваўся, што сакратар абкома, які прысутнічаў пры яго размове з Бародкам на лузе, адразу зразумее, чым абумоўлены яго перавод, абурыцца і спыніць гэтае самадурства. Шамякін.
самады́йскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да самадыйцаў, які належыць, уласцівы ім. Самадыйскія мовы.
самады́йцы, ‑аў; адз. самадыец, ‑дыйца, м.; самадыйка, ‑і, ДМ ‑дыйцы; мн. самадыйкі, ‑дыек; ж.
Прынятая ў савецкай навуцы назва роднасных паўночных народаў (ненцаў, селькупаў і інш.).
самадысцыплі́на, ‑ы, ж.
Уменне кіраваць сабой, падпарадкоўваць свае дзеянні пэўным патрабаванням, прынцыпам. [Рыгор Мурашка] быў для многіх нас прыкладам самадысцыпліны і настойлівасці ў авалоданні ведалі. Хведаровіч. Відаць, у гэтага чалавека [Платона Смірнова] жалезная самадысцыпліна, велізарная прага да жыцця! М. Ткачоў.
самае́ды, ‑аў; адз. самаед, ‑а, М ‑дзе, м.; самаедка, ‑і, ДМ ‑дцы; мн. самаедкі, ‑дак; ж.
Устарэлая назва самадыйцаў.
самазабеспячэ́нне, ‑я, н.
Забеспячэнне, якое ажыццяўляецца ўласнымі сіламі і сродкамі. Усвядоміўшы сваё незайздроснае становішча папрашайкі, Мурлік неўзабаве сам пачаў лавіць рыбу, перайшоў, так сказаць, на самазабеспячэнне. Рылько.
самазабо́йства, ‑а, н.
Наўмыснае пазбаўленне сябе жыцця; самагубства.
самазабо́йца, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.
Той, хто пакончыў жыццё самазабойствам, самагубствам.
самазабы́ўны, ‑ая, ‑ае.
Здольны да самазабыцця, да самаахвяравання ў імя каго‑, чаго‑н. [Рыгор:] — І кажу я вам: майму жыццю няма і не будзе іншае дарогі, як дарога несупыннага, кіпучага, самазабыўнага класавага змагання за свабоду. Гартны.
самазабыццё, ‑я, н.
1. Забыццё самога сябе, сваіх перажыванняў; лагоднае заспакаенне. Адзін я моўчкі ўдыхаю смольныя пахі, цішыню роднага краю, лаўлю вухам далёкі бусліны клёкат і думаю, думаю, аж да самазабыцця, пакуль да мяне не дакранулася чыясьці рука. Сабаленка. Пасля лазні і малінавага чаю з мёдам у Чабаноўскага наступіла тое лагоднае пачуццё самазабыцця, калі спіш і не спіш, а ўсё на свеце здаецца такім дарагім і родным, што, здаецца, туліў бы яго да млосных ад любві грудзей. Асіпенка.
2. Найвышэйшая ступень узбуджанасці, якая прыводзіць да забыцця самога сябе і ўсяго навакольнага. Любоўнае самазабыццё. □ Мая прамова пад зоркамі адрасу не мае. Я адчуваю, што магу любіць Стасю да самазабыцця. Навуменка. Не, напэўна, мала хто бачыў людзей, якія б так працавалі, — увішна, настойліва, амаль да самазабыцця. Ракітны. // Узрушанасць, расхваляванасць. Саша Красуцкі спалохаўся. Упершыню ў жыцці спалохаўся да самазабыцця, да агіднага, ганебнага ляскання зубамі і дрыжыкаў у каленях. Навуменка.