Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сасцёбваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сасцябаць, сасцёбаць.

сасцяба́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сасцябаць.

сасцяба́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца і сасцёбацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Сасцябаць сябе венікам і пад. Сасцябацца бярозавым венікам.

2. Прыйсці ў непрыгоднасць, стаць карацейшым ад сцябання (пра венік, пугу і пад.).

сасцяба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і сасцёбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Збіць, сцябаючы чым‑н. Сасцябаць галінкі. Сасцябаць траву.

2. Сцябаючы, зрабіць непрыгодным што‑н. Сасцябаць пугу.

3. Удараючы пугай, дубцом, пакрыць пісагамі шкуру жывёлы. Пастухі сасцябалі ўсе бакі жывёлы.

4. Разм. Сшыць на скорую руку. Сасцябаць спадніцу з дзвюх полак.

сасцябну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр.

Сцебануўшы, збіць што‑н. Сасцябнуць пугай лісце з галіны.

сатана́, ‑ы, м.

У некаторых рэлігіях — злы дух, які супрацьстаіць богу; д’ябал. Колькі надзеі паклаў.. [«брат Міша»] на тое, што прывядзе, нарэшце, «к госпаду» гэтую «заблудную авечку». А тут — зноў сатана не дрэмле. Косцік і ўчора і пазаўчора хадзіў у лес па чужыя дровы. Брыль. // м. і ж. Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. — Адкасніся, сатана, — замахаў Ціток сваім кіем. Параска сарвалася і пабегла ўперад. Лобан. [Кацярына:] — Базыль, сатана ты сіберная!.. Нікановіч.

сатане́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Станавіцца злым, злаваць. Сатанець ад злосці. // Прыходзіць у стан моцнага ўзбуджэння. Лёшка сатанеў ад задавальнення. «Вожык». // перан. Лютаваць (пра вецер, буру і пад.). Ісці далей не было сіл. Дый вецер.. сатанеў. Карпаў.

сатані́зм, ‑у, м.

1. Культ сатаны.

2. У літаратуры рамантызму і дэкадэнцтва — услаўленне злых сіл таго свету, пакланенне ім.

3. Уласцівасці, якія прыпісваюцца сатане.

сатані́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Уласцівы сатане; такі, як у сатаны, злосны, каварны. Сатанінская злосць. Сатанінскі позірк.

2. Незвычайны, вельмі моцны ў сваім праяўленні. Сатанінская гордасць. □ І дурному было ясна, што абяцае ён [год] сатанінскія вялікія беды. Караткевіч.

3. У літаратуры рамантызму і дэкадэнцтва — звязаны з услаўленнем злых сіл таго свету, пакланеннем ім.

•••

Сатанінскі грыб — ядавіты шапкавы грыб.

сатво́рчасць, ‑і, ж.

Сумесная творчасць з кім‑н. у якой‑н. галіне. Садружнасць, сатворчасць дае плённы здабытак у любой галіне дзейнасці чалавека. «Звязда».