Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

састарэ́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які зрабіўся, стаў стары. Сідар Нікіфаравіч — чалавек састарэлы, хваравіты, ён амаль увесь час кашляе. Аляхновіч. Састарэлы твар [Блажэвіча] праразалі глыбокія маршчыны. Шыцік. // Разм. Які стаў непрыгодным для чаго‑н. (аб прадметах). Састарэлая страха.

2. перан. Які перастаў быць сучасным, актуальным; устарэлы. [Старшыня] Занадта давяраўся, Дэвізам састарэлым кіраваўся: «Падпісана — і з плеч далоў!» І наламаў аднойчы дроў. Валасевіч. // Які перастаў быць модным. Састарэлы фасон сукенкі.

3. у знач. наз. састарэ́лы, ‑ага, м.; састарэ́лая, ‑ай, ж. Які дажыў да глыбокай старасці; вельмі стары. Дом для састарэлых.

састарэ́цца, ‑эюся, ‑эешся, ‑эецца; зак.

Тое, што і састарэць. [Порхаўка:] — Састарэўся [я] нежанатым. Гурскі. [Лявон:] Дзедава хата састарэлася,.. трэ было новую ставіць... Купала.

састарэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Зрабіцца, стаць старым. Падышоў тады да броду, Буры цар, доўгабароды, Глянуў у ваду: — Не бачу, Пэўна, састарэў, няйначай. Вітка. Пражыў інжынер жыццё, састарэў, а чаго ён дасягнуў? Шыцік. // Разм. Стаць непрыгодным для чаго‑н. (аб прадметах). [Міхал:] — Але што рабіць цяпер? Пакуль база будзе створана, гэтыя машыны састарэюць ужо. Карпаў.

саста́ў, ‑таву, м.

1. Сукупнасць частак, прадметаў, якія складаюць адно цэлае; склад. Асноўнай задачай лексікалогіі з’яўляецца планамернае навуковае апісанне слоўнікавага саставу мовы і выяўленне гістарычных заканамернасцей яго развіцця. Гіст. лекс. бел. мовы. Па саставу лічэбнікі падзяляюцца на простыя.., складаныя.. і састаўныя. Граматыка. // Сукупнасць элементаў, якія ўваходзяць у хімічнае злучэнне, рэчыва і пад. Састаў глебы. Састаў крыві.

2. Злучэнне, сумесь, раствор, якія складаюцца з розных элементаў або рэчываў. Састаў для бальзамавання. Лекавы састаў.

3. чаго або які. Сукупнасць людзей, з якіх складаецца які‑н. калектыў, арганізацыя (з колькаснага або якаснага боку). Састаў выканаўцаў спектакля. Састаў бюро. □ Цяпер у саставе мясцовых Саветаў рэспублікі 80648 дэпутатаў, больш за 63 працэнты якіх складаюць рабочыя і калгаснікі. Машэраў.

4. (з азначэннем). Асобы, якія складаюць якую‑н. катэгорыю (па роду службы, прафесіі і пад.). Камандны састаў. Выкладчыцкі састаў. Лётны састаў.

5. Рад счэпленых разам чыгуначных вагонаў, падрыхтаваных для адпраўкі ў рэйс. Таварны састаў. Пасажырскі састаў. □ Састаў з двума паравозамі прагрукатаў па мосце за Дняпро. Грахоўскі. Над самым вухам пранізліва закрычаў паравоз — побач праляскаў таварны састаў. Шамякін.

•••

Асабовы састаў — тое, што і асабовы склад (гл. склад ​2).

Рухомы састаў — сукупнасць лакаматываў і вагонаў на чыгунках.

састаўле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. састаўляць — саставіць.

саста́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад саставіць.

састаўля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да састаўляць.

састаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да саставіць.

састаўны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які складаецца з некалькіх частак, элементаў. Робяць.. [вудзільны] часцей за ўсё састаўнымі з 2–3 кален, змацаваных паміж сабой пры дапамозе латуневых або медных злучальных трубак. Матрунёнак. // У граматыцы — які складаецца са звязкі і іменнай часткі. Састаўны выказнік.

2. Які з’яўляецца часткай чаго‑н. Біч, састаўная частка цэпа, ужо выступае ў беларускіх гаворках пад рознымі назвамі, хоць і аднаго кораня. «Працы».

састо́ены, ‑ая, ‑ае.

Які пасля стаяння даў асадак. Састоены раствор. // Які, стоячы, дайшоў да такой ступені, каб зверху сабралася смятана. Састоенае малако.