Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

самадзе́ржыца, ‑ы, ж.

Жан. да самадзержац.

самадзе́ючы, ‑ая, ‑ае.

1. Які дзейнічае аўтаматычна, сам сабою. Самадзеючыя апараты.

2. Заснаваны на актыўным самастойным дзеянні. Асобая грамадская ўлада неабходна таму, што самадзеючая ўзброеная арганізацыя насельніцтва зрабілася немагчымай з часу расколу грамадства на класы... Ленін.

самадзяржа́ўе, ‑я, н.

Манархічная форма праўлення ў Расіі, пры якой манарху належала вярхоўнае права ў заканадаўстве, у вярхоўным кіраванні і вышэйшым судзе. Палітычныя мэты заключаліся ў вызваленні ўсіх народаў Расіі ад іга самадзяржаўя, прыгонніцтва, бяспраўя, паліцэйскага самавольства. Ленін. // Царскі ўрад. Царскае самадзяржаўе. □ Беларускае сялянства.. было незадаволена царскім маніфестам ад 19 лютага 1861 года, яно адказвала на яго шматлікімі выступленнямі супраць памешчыкаў і самадзяржаўя. Ларчанка.

самадзяржа́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да самадзяржаўя, з’яўляецца самадзяржаўем. Самадзяржаўны лад. Самадзяржаўнае кіраванне. // Неабмежаваны ўладай. Самадзяржаўны правіцель.

самаду́мам, прысл.

Разм. Самавольна, без дазволу. — А як вы в[е]дз[я]це травапольную сістэму?! — .. [Бялоцкі] павярнуўся да Варанецкага. — Я дзеля гэтага і прыехаў. На тое, што вы траву насенную самадумам касіць узяліся, я выпадкова наткнуўся. Дуброўскі. Стогнуць Бусліныя сосны: даўганосыя птахі сёлета занялі ў Грынях самадумам нечае шматгадовае прыстанішча. Пташнікаў. // Не параіўшыся з іншымі. [Надзя:] — Ці ж усё добра? Быццам у цябе не было з кім параіцца? А ты [Валодзька] самадумам усё. Гроднеў. [Тата:] — Вось бачыш... Шкоды атрымалася больш, чым карысці. Таму што не раіцеся з дарослымі, а ўсё самадумам. Ваданосаў.

самаду́р, ‑а, м.

Той, хто дзейнічае па асабістаму капрызу, не лічачыся з іншымі людзьмі. [Максім:] — Але калі стары самадур здзекуецца з цябе, з тваіх перакананняў, тэрарызуе цябе, дык чаго ж ты [Андрэй] сам варты? Машара.

самаду́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да самадур.

самаду́рнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Весці сябе як самадур, быць самадурам.

самаду́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Схільны да самадурства, які дзейнічае толькі па свайму капрызу.

2. Заснаваны на самадурстве. Самадурныя планы.

самаду́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да самадура, уласцівы яму. Самадурскія звычкі.