Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

заве́ршвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да завершваць.

заве́ршваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да завяршыць.

заве́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. Запэўніць у верагоднасці чаго‑н.; паручыцца за што‑н. — Прыйду, прыйду, — заверыла Зося [Рыгора], моцна паціскаючы яго руку. Гартны. Узяўся парты нарабіць Дырэктар райпрамкамбіната. «Усё зраблю, як мае быць! — заверыў ён, — клянуся — свята!» Корбан.

2. Засведчыць правільнасць або сапраўднасць чаго‑н. подпісам, пячаткай. Заверыць подпіс. Заверыць дакумент.

заве́са, ‑ы, ж.

1. Адна з дзвюх металічных пласцін, створкавых ці суцэльных, якімі прымацоўваюць да вушака дзверы, аконныя рамы і пад., даючы ім магчымасць адчыняцца і зачыняцца. Перакручаныя дзверы віселі ўпоперак на адной завесе. Пальчэўскі. У адным канцы гаўкнуў Патапчыкаў сабака, і нібы ў адказ яму ў другім канцы загаласілі дзікім голасам вароты на іржавых завесах у гумне Мікалая Леўчыка. Чарнышэвіч.

2. Тое, што засцілае, закрывае сабой што‑н. Завеса туману. □ Уставала сонейка з-за лесу, Скрозь тонкіх хмарачак завесу Усюды косы раскідала. Колас. Граната разарвалася побач, ахутала нерухомае цела завесай дыму. Навуменка.

заве́сіцца, ‑вешуся, ‑весішся, ‑весіцца; зак.

Завесіць сябе чым‑н. Завесіцца штораю.

заве́сіць, ‑вешу, ‑весіш, ‑весіць; зак., каго-што.

Закрыць, павесіўшы што‑н. Завесіць дзіця ў калысцы. □ Маці завесіла вокны знадворку саламянымі матамі. Хомчанка.

заве́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

Памянш. да завеса (у 1 знач.); невялікая завеса. Шалёна біліся аб сцены аканіцы, сумотна скуголілі завескі, на якіх яны трымаліся. Колас.

завеслава́ць, ‑вяслую, ‑вяслуеш, ‑вяслуе; зак.

Пачаць веславаць.

заве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. завёў, ‑вяла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Ведучы, даставіць куды‑н. Завесці дзіця ў сад. □ Пасля сяўбы Андрэй меркаваў завесці чорную кабылу ў валасное мястэчка Старочын і прадаць там. Чарнышэвіч.

2. Адвесці не туды, куды трэба. [Іван Цуба] завёў карнікаў у непраходнае балота. Краўчанка. Дарога на ток здавалася вельмі доўгай. Язэпу ўвесь час хацелася ўцячы, знікнуць або завесці гэтых людзей куды-небудзь далей ад току. Асіпенка. // перан. Прымусіць выйсці за межы жаданага, мажлівага і пад. Капрызнай бывае думка рацыяналізатара. Яна можа завесці яго туды, куды ён, здавалася б, і не меў намеру ісці. Шахавец.

3. Заснаваць, набыць што‑н., абзавесціся чым‑н. Завесці пчол. Завесці гаспадарку. □ Міхал на новым месцы ўзяўся: Каня, кароўку расстараўся, Завёў свіней, дзве-тры авечкі. Колас. Усе нашы хлопцы без выключэння завялі сабе прычоскі. Навуменка.

4. Устанавіць, увесці. Завесці новыя парадкі. Завесці строгі ўлік.

5. і без дап. (звычайна ў спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне). Пачаць што‑н. Каб крыху перабіць настрой, каб стала весялей, дзяўчаты завялі песню. Дубоўка. Пятро паспрабаваў завесці гаворку пра надвор’е, пра ўраджай. Пальчэўскі.

6. Прывесці ў дзеянне, пусціць у ход які‑н. механізм. Завесці гадзіннік. Завесці патэфон. Завесці матор.

•••

Завесці катрынку — пачаць дакучлівую размову, гаварыць адно і тое ж.

заве́сціся, ‑вядуся, ‑вядзешся, ‑вядзецца; ‑вядзёмся, ‑ведзяцеся; пр. завёўся, ‑вялася, ‑лося; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). З’явіцца, зрабіцца наяўным. Грошы завяліся. // Узнікнуўшы, распладзіцца, размножыцца. [Дзядуля] даглядае дрэўцы, абразае сухія галінкі, падвязвае маладыя парасткі вінаграду, сочыць, каб не завяліся ў садзе якія шкоднікі. Бяганская. // Арганізавацца, наладзіцца. — У нашым раёне яшчэ дзве трусіныя фермы завяліся. Адна — у «Партызане», а другая... у Пажарках. Ракітны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Устанавіцца, пачацца. З першых дзён Зеленюковага прыезду ў Сівец у іх завялася з Віктарам цёплая дружба. Зарэцкі. Так завяліся ў містэра Лаяна шырокія сувязі як у дзелавым, так і ў афіцыйным свеце. Лынькоў.

3. Разм. Пачаць бойку, спрэчку і пад. з кім‑н. Сымон яшчэ змалку паказаў сваю злосць. Раз ён завёўся за нешта са сваёй сястрой Марцэляй. Колас. — Я сам злосны і, магчыма, бываю несправядлівы. .. Дык што ты, і мяне знішчыш? — горача насядаў Ходас на Косцю. — Завёўся ўжо! — папракнула яго Вера. Шамякін.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць дзейнічаць у выніку заводу ​2 (у 1 знач.). Гадзіннік завёўся. Матор завёўся.