Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

захава́льнік, ‑а, м.

Той, хто захоўвае што‑н., прытрымліваецца чаго‑н., застаецца верным чаму‑н. Сапраўднае мастацтва жыве ў народзе, які з’яўляецца яго стваральнікам і захавальнікам. Хромчанка.

захава́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да захавальнік.

захава́насць, ‑і, ж.

Цэласць, непашкоджанасць. Адказваць за захаванасць рэчаў.

захава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. захаваць і стан паводле знач. дзеясл. захавацца.

захава́ны і захо́ваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад захаваць.

2. у знач. прым. Тайны, скрыты. У вачах маіх сяброў была заклапочанасць і нейкая захаваная туга. Гурскі. У шапатлівым голасе жонкі — захаваная радасць. Бядуля.

захава́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Не прапасці, не знікнуць; застацца ў наяўнасці. Цяпер жа дрэвы парадзелі, і ўвесь парк прасвечваўся з аднаго канца ў другі... Захаваўся толькі барок на адным з узгоркаў. Хадкевіч. Аб жыцці і творчасці Паўлюка Багрыма захавалася мала дакументальных звестак, нічога пэўнага не могуць сказаць яго землякі. С. Александровіч. // Не змяніцца, застацца ў ранейшым стане. — Дзіўна, як голас .. у чалавека захаваўся. Чорны. // Застацца ў каго‑н., пры кім‑н.; не страціцца. Я ля брамкі стаю. Прыглядаюся пільна і строга. Штосьці ўсё ж захавалася, штось пазнаю Ад таго птушаняці малога. Гілевіч. // перан. Утрымацца ў памяці, запомніцца. У галаве цьмяна захаваліся толькі некаторыя эпізоды [сустрэчы з Данутай]. Карпюк. У мяне трывала захаваліся ў памяці вялікі луг з густой і высокай травой і дубы на беразе Сажа. Шамякін.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не папсавацца, не пашкодзіцца. Бульба ў склепе добра захавалася.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не прайсці, не страціцца (пра пачуцці, настрой). І хоць часу прайшло багата і абое яны сталі не такія, якімі былі шмат гадоў назад, але ж колішняя прыязнасць захавалася. Новікаў. Ваяўнічы, прыўзняты настрой захаваўся ў Міхала і назаўтра. Карпаў.

4. Разм. Размясціцца так, каб другія не маглі ўбачыць, знайсці; схавацца. Па бацькавых старых плячах Гуляў бізун белапаляка... Са страхам жудасным у вачах Сын захаваўся й горка плакаў. Чарот. // Стаць нябачным або малапрыметным сярод чаго‑н., у чым‑н. Рады бярозавых крыжоў.. амаль што захаваліся ў густых зялёных травах. Лынькоў.

захава́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Аберагаючы, не даць чаму‑н. прапасці, знікнуць; зберагчы цэлым. Захаваць дзяржаўную маёмасць. □ — Пакляніся мне, што ты захаваеш сцяг нашага палка. Якімовіч. Музей збудуйце вокнамі да сонца. Там захавайце да драбніцы ўсё. І першую сваю калгасную заяву,.. І плуг, што межы разараў навекі. Танк. // Не змяніць, пакінуць у ранейшым выглядзе. Тое лясніцтва — глухі куток Беларусі, — у якім служыў Васіль, захавала, у сабе яшчэ старыя парадкі. Колас. — Маіх ты не мог абмераць, — адказаў Чарныш, — бо мае, як і большасць тут людзей, не хацелі дзяліць калгас, а стараліся захаваць яго цэлым. Кулакоўскі. // Шануючы, падтрымліваючы, прадоўжыць існаванне чаго‑н. Захаваць нацыянальную незалежнасць. Захаваць традыцыі. // перан. Утрымаць (у памяці, у сэрцы); запомніць. [Заранік], калі б куды ні ездзіў, заўсёды стараўся захаваць у памяці ўражанні, факты, сустрэчы з людзьмі. Хадкевіч.

2. Зберагчы ад псавання, знішчэння. Захаваць ураджай. Захаваць прадукты ад цвілі. // Зберагчы ад пагібелі, небяспекі; не даць загінуць. [Ігнась] развітаўся, узяў на рукі чатырохгадовага Васілька,.. сказаў, папрасіў: — Захавай яго... Які ж ён асілак у нас... Во!.. Лынькоў. — Каб захаваць жыццё камандзіра, патрэбна ампутацыя. Паслядовіч.

3. Застацца ў якім‑н. стане, становішчы, не страціць якіх‑н. якасцей, уласцівасцей. Захаваць знешні спакой. □ [Сцёпка] хоча захаваць сур’ёзнасць, нават значную жорсткасць, як і належыць усякаму, хто пайшоў адзін супроць усіх. Колас.

4. Разм. Пакласці, размясціць так, каб другія не маглі ўбачыць, знайсці; схаваць. Хітры «Козлік» захаваў .. [раненых] у нейкай глушы. Брыль. Сівыя валасы .. [Тэкля] старанна захавала пад хустку. Краўчанка. // Закрыўшы сабою, схаваць. Чорнае густое шчацінне пакрывала яго бараду і шчокі.. Вусы захавалі верхнюю губу. Чарнышэвіч. // перан. Схаваць, утаіць (думкі, пачуцці і інш.). Дзяўчына тут жа павярнулася да акна, каб захаваць ад Рыгора сваё хваляванне. Гартны. Ты ж захавай сваё гора У сэрцы глыбока, Каб не зацьміць ім Ні сонца, ні светлага неба. Тарас.

5. Прытрымліваючыся пэўных правіл, норм і пад., дакладна выканаць. Захаваць умовы дагавору. Захаваць дысцыпліну.

за́хад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Апусканне (сонца, радзей — аб іншых свяцілах) за лінію гарызонта. [Максім Сцяпанавіч з Верай Антонаўнай] глядзелі на мора, на захад сонца — вялікага, крыху прыплясканага, вогненнага. Карпаў. // Час, калі сонца заходзіць, апускаецца за лінію гарызонта. На захадзе сонца, стомлены і галодны, вяртаўся Міхаіл Парфенчык дадому. Шчарбатаў. // Частка гарызонта, дзе заходзіць сонца. Вячэрняя зара ўжо ахапіла захад. Чарнышэвіч. // Вогненна-чырвоная афарбоўка неба над гарызонтам у той час, калі заходзіць сонца. Пявунні даўно ўжо ўвайшлі ў цень ад высокага бору, а ўзняты іхнімі босымі нагамі пыл павіс над дарогай, румяніцца воблакам у праменнях захаду. Ракітны. Калі [Іван і Сымон] вярнуліся, рака ўжо адлюстравала барвовы захад. Данілевіч.

2. Адзін з чатырох напрамкаў свету, процілеглы ўсходу. Паўнеба на захадзе было пакрыта агромністай цёмнай хмарай. Лынькоў. // Напрамак, процілеглы ўсходу. Машыны, танкі, артылерыя ішлі бесперапыннай плынню ў адным кірунку — на захад. Шамякін. // Мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку.

3. (з вялікай літары). Краіны Заходняй Еўропы і Амерыкі ў процілегласць краінам сацыялістычнай садружнасці.

•••

Паўднёвы захад — а) напрамак паміж поўднем і захадам; б) мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку.

Паўночны захад — а) напрамак паміж поўначчу і захадам; б) мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку.

захаджа́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які зайшоў мімаходам з чужых мясцін. Захаджалыя людзі.

захадзі́цца, ‑хаджуся, ‑ходзішся, ‑ходзіцца; зак.

Разм.

1. Стаміцца ад доўгай хады. Захадзіцца за дзень.

2. Замітусіўшыся, пачаць старанна, рупліва што‑н. рабіць. Маці заходзілася: трэба пачаставаць дарагога госця! Мележ. Нупрэй захадзіўся, кінуўся раскладаць агонь. Колас.

3. Разм. З сілай пачацца; усхадзіцца. Вецер захадзіўся. Мяцеліца захадзілася. // перан. Разгневацца, разлютавацца, раз’юшыцца. — А што я табе такое, скажам, зрабіў, што так ты захадзіўся? Галавач.