Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зад, ‑а, М ‑дзе; мн. зады, ‑оў; м.

1. Задняя частка чаго‑н.; проціл. перад. На крутым павароце зад матацыкла занесла. Б. Стральцоў. Адна хата стаяла задам у вокны другой. Чорны. // Задняя частка тулава жывёлы. [У вепра] доўгая вузкая галава з вялікім лычам.., вострая гарбатая спіна з высокім загрыўкам і вузкім задам. В. Вольскі. // Разм. Частка цела чалавека ніжэй спіны. [Кравец] быў гарбаты без гарба не ад роду: малым быўшы, зваліўся, накольнік, з вішні і ўбіў, як кажуць, ногі ў зад, не вырас. Брыль.

2. толькі мн. (зады́, ‑оў). Разм. Тое, што раней вывучана або ўсім вядома. Паўтараць зады.

задава́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑вацы, Т ‑ай, ж.

Разм. Фанабэрысты, ганарысты чалавек; зазнайка. Раней яна, Паліна Фёдараўна, лічыла Вікторыю Аркадзеўну і ганарыстай, і задавакай, і ўсё гэта толькі праз тое, што яны не ведалі адна адну. Паслядовіч. [Валіку] стала крыўдна, што яго папраўляе дзяўчынка, ды яшчэ пры ўсіх. «Задавака ўсё ж яна. Выхваляецца, што многа ведае». Жычка.

задавальне́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. задавальняць — задаволіць.

2. Прыемнае пачуццё ад паспяховага ажыццяўлення, завяршэння чаго‑н. Данік адчуваў задавальненне сабой, гордасць, што здолеў перамагчы ўсе перашкоды. Краўчанка. Сябры з задавальненнем выкупаліся і вярталіся назад праз лес. Пестрак.

задавальня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да задаволіцца.

2. Зал. да задавальняць.

задавальня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да задаволіць.

задава́нне 1, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. задаваць — задаць.

задава́нне 2, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. задавацца ​2; фанабэрыстасць, ганарлівасць, зазнайства.

задава́цтва, ‑а, н.

Тое, што і задаванне ​2. Маёру ўспомнілася, як на нядаўнім партыйным сходзе гэтыя ж самыя работнікі бязлітасна і жорстка крытыкавалі капітана за задавацтва, ганарыстасць. Асіпенка.

задава́цца 1, ‑даецца; незак.

1. Незак. да задацца.

2. Зал. да задаваць (гл. задаць у 1–3 знач.).

задава́цца 2, ‑даюся, ‑даешся, ‑даецца; ‑даёмся, ‑даяцеся; заг. задавайся; незак.

Разм. Фанабэрыста, ганарліва паводзіць сябе; важнічаць. — Як табе падабаецца аграном? — Нічога. Толькі, здаецца мне, крыху задаецца. Шамякін.

задава́ць, ‑даю, ‑даеш, ‑дае.

Незак. да задаць.

задаві́цца, ‑даўлюся, ‑давішся, ‑давіцца; зак.

Разм.

1. Павесіцца. З гультаём ажаніцца — лепей задавіцца. З нар.

2. Падавіцца, удавіцца. — Вам не давядзецца плаціць пану .. і дзвесце дзесяцін зямлі вы зусім дарэмна атрымоўваеце. — Сам тую зямлю вазьмі! — Хай ён задавіцца той зямлёй! Галавач.