Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зжава́ць, зжую, зжуеш, зжуе; зжуём, зжуяце; зак., каго-што.

1. Пажаваўшы, з’есці. Зжаваць кавалак хлеба.

2. Сапсаваць што‑н. жаваннем. Цяля зжавала рукаў.

зжа́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; заг. зжалься; зак., над кім.

Пашкадаваць каго‑н., злітавацца над кім‑н. Добрая бабулька зжалілася над Мазіным і прынесла са склепа цэлы гарлач малака. Каваль.

зжа́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць.

Зак. да жарыць (у 1 знач.).

•••

Зжарыць скуру — моцна пабіць, адсцябаць да крыві, да сінякоў.

зжа́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад зжаць.

зжаўце́лы, ‑ая, ‑ае.

Які зжаўцеў, стаў жоўтым. Груша на дварэ пад акном бадай што ўжо голая: апошняе зжаўцелае лісце яе ападае ціха і бесперастанку. Чорны.

зжаўце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць жоўтым, набыць жаўтаватае адценне. Праз патрэсканы асфальт выбівалася трава. Яна ўжо высахла і зжаўцела. Гаўрылкін. // Пахудзець, набыць нездаровы колер твару, цела. [Аміля] зжаўцела, ззелянела і пачала сохнуць. Чорны.

зжахну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм. Раптоўна і моцна спужацца; злякнуцца. Зося зжахнулася ад нечаканасці і ў момант знікла ў цемені. Лупсякоў.

зжа́цца, сажнуся, сажнешся, сажнецца; сажнёмся, сажняцеся; зак.

1. Справіцца ў жніве з кім‑н., жнучы, не адстаць ад каго‑н. Брыгадзірава [жонка] зусім асталася ад Яніны. Хаця і постаць яе вузейшая за Янініну, а не паспела за той. .. За ўвесь дзень не магла зжацца з Янінаю. Мурашка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аказацца зжатым, убраным (пра хлебныя злакі, травы). Авёс пазней сажнецца.

зжаць, сажну, сажнеш, сажне; сажнём, сажняце; зак., што.

Зрэзаць пад корань сярпом або жняяркай (сцяблы збожжавых злакаў, траву і інш.). Зжаць авёс. Зжаць жыта. / Пра поле, участак. Аралі і сеялі самі, Дык самі і нівы сажнём. Глебка.

зжо́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да зжоўваць.