зе́бра, ‑ы, ж.
Дзікі афрыканскі конь з паласатай афарбоўкай цела.
зе́бу, нескл., м.
Від свойскай буйной рагатай жывёлы з невялікім тлушчавым гарбом на карку (пашыраны ў Азіі і Афрыцы).
зейгерава́нне, ‑я, н.
Спец. Спосаб раздзялення цвёрдых сплаваў на састаўныя часткі, заснаваны на рознасці тэмператур плаўлення.
зейгерава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.
Спец. Рабіць зейгераванне.
[Ад ням. seigern.]
зе́кры, ‑аў; адз. няма.
Абл. Вочы. [Любаша] смела глянула ў .. наглыя вадзяністыя зекры [незнаёмца] і нават не змаргнула. Дамашэвіч.
зе́лена,
1. Прысл. да зялёны (у 1, 2 знач.).
2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць зялёнай расліннасці. Было лета, самая зялёная пара яго. Зелена было на гародах, у полі, на балотах. Мележ.
•••
У вачах зелена — тое, што і у вачах зелянее (гл. зелянець).
зеленава́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Злёгку зялёны (у 1, 2 знач.); з зялёным адценнем. Зеленаватыя вочы ўмеюць быць злымі і строгімі, хоць сам старшыня чалавек не злы. Колас. З мора насустрач нам адна за другой коцяцца ўзнятыя ветрам зеленаватыя хвалі. Галавач.
2. Недаспелы, зялёны. Жыта пачало хутка даспяваць. Толькі ў нізінах яно было зеленаватым. Асіпенка.
зеленаво́кі, ‑ая, ‑ае.
З зялёнымі вачамі. Зеленавокае кацяня. / у вобразным ужыв. Зеленавокія травінкі На поймы выбеглі Лахвы, З дажджом шукаючы хмурынку Ці хмару з гулам грамавым. Матэвушаў.
зеленкава́ты, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і зеленаваты. Зеленкаватыя яблыкі. □ — Ты дзе была? — націскаючы на «дзе», запытаў Васіль, а зеленкаватыя, поўныя падазронасці вочы яго пазіралі на Аўгінню. Колас.
зе́лень, ‑і, ж.
1. зб. Трава, лісце дрэў, кустоў; зялёная расліннасць, зеляніна. Вясенняя зелень. Пах зелені. Зелень садоў. □ Мноства зелені ў цэнтры горада — гэта магутная крыніца свежага паветра. Лобан. — Парэчча добра мне знаёма! А колькі зелені там летам! Як у вяночку, стаіць хата. Колас. Адзінокія бярозкі жаўцелі між зелені сосен, і былі яны самотныя, як сіроты. Чарнышэвіч.
2. зб. Некаторыя віды гародніны і траў, якія скарыстоўваюцца ў ежу. Прадавец зелені. Палажыць зелень у суп.
3. Зялёны колер, зялёная афарбоўка чаго‑н. Светафор бліснуў яркай зеленню.
4. Разм. Зялёны налёт. Медны дрот пакрыўся зеленню.
5. Зялёная фарба.
6. Разм. Пра нясталых, маладасведчаных людзей. — Мала ты ведаеш, зелень ты, — па-бацькоўску прамовіў Гардвей. Мележ.
•••
Брыльянтавая зелень — анілінавая фарба, якая скарыстоўваецца ў медыцыне як антысептычны сродак.
Парыжская зелень — светла-зялёны нерастварымы ў вадзе парашок, які скарыстоўваецца для барацьбы з насякомымі — шкоднікамі сельскагаспадарчых раслін.