зя́бер, ‑бру, м.
Аднагадовая травяністая расліна сямейства губакветных з жоўтымі ці пурпурова-чырвонымі кветкамі.
зя́біць, ‑біць; незак., што.
Уздзейнічаць сцюжай, холадам. Восеньскі вецер рэзкі зябіць рукі. Каваль.
зя́бка, прысл.
1. Адчуваючы холад. Старшына зябка захінуўся ў шынель. Быкаў. Стала халадней, людзі зябка паціскалі плячамі і хуталіся ў лёгкае адзенне. Лынькоў.
2. безас. у знач. вык. Холадна. Ля вушэй свішча вецер, пранізвае наскрозь. Зябка. Асіпенка. На двары так зябка, што хочацца хутчэй зайсці ў цёплы кароўнік абагрэцца. Дуброўскі.
3. безас. у знач. вык., каму-чаму. Пра адчуванне холаду. Мне зябка.
зя́бкасць, ‑і, ж.
Уласцівасць зябкага. Не лета ўжо, з ваколіцы цягне зябкасцю. Навуменка.
зя́бкі, ‑ая, ‑ае.
Халодны, сцюдзёны. Зябкі вецер. □ Сягоння дзень быў зябкі, непагодны. Дзяргай. Ад туману, ад балота павявала зябкай тарфяной сырасцю. Мележ.
зя́блевы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да зябліва. Зяблевае ворыва.
зя́бліва, ‑а, н.
Асенняе ўзворванне поля, а таксама поле, узаранае з восені пад веснавую сяўбу. Закончыць зябліва. Ранняй вясной барануюць і культывуюць зябліва.
зя́блік, ‑а, м.
Лясная пеўчая птушка з чырванаватым пер’ем па баках; берасцянка.
зя́бліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.
Араць пад зябліва. Дзе-нідзе відаць было, як трактары зяблілі ржэўнік. Пальчэўскі.
зя́блы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Змёрзлы, азяблы. Асцярожна — стук у дзверы Зяблаю рукою. Колас. Зацвіталі яблыні, Белым цветам крыліся І ніколі, зяблыя, Сцюжам не парыліся. Глебка.