Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зязю́лечка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Нар.-паэт.

1. Ласк. да зязюля.

2. Разм. Ласкавы зварот да жанчыны. — Хадзі ка мне, зязюлечка, у хату. Пагаворым аб тым ды аб сім, — кажа Лявоніха. Бядуля.

зязю́лін, ‑а.

1. Які належыць зязюлі. Зязюліны яйцы. Зязюліна дзюба.

2. Як састаўная частка некаторых батанічных назваў. Зязюлін лён. Зязюліны слёзкі.

зязю́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Нар.-паэт.

1. Памянш.-ласк. да зязюля.

2. Разм. Ласкавы зварот да жанчыны. — Прымерай, прымерай, мая зязюлька, калі ж я табе ў чым супярэчыў? Корбан.

зязю́льчын, ‑а.

Тое, што і зязюлін (у 1, 2 знач.).

зязю́ля, ‑і, ж.

Лясная пералётная птушка, якая звычайна не ўе гнязда і кладзе яйцы ў чужыя гнёзды. Пачала кукаваць зязюля, адлічваючы некаму доўгія гады жыцця. Краўчанка.

зязюляня́ і зязюлянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Птушаня зязюлі.