Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зяле́ніва, ‑а, н.

1. зб. Зялёная трава, зялёная расліннасць; зеляніна. Пахла сена, пахла зяленіва сухой травы ў аўсянай саломе. Чорны. [Жэнька] схадзіла ў гарод, назбірала зяленіва і прыйшла зноў на вуліцу. Крапіва.

2. Зялёны колер чаго‑н. Успыхнула зяленіва маладога, яшчэ клейкаватага лісця. Сабаленка.

зяле́ніўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да зяленіва. Зяленіўны рынак.

зяле́ніўшчык, ‑а, м.

Прадавец зелені (у 2 знач.), гародніны.

зяле́ніўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да зяленіўшчык.

зяле́пуха, ‑і, ДМ ‑пусе, ж.

Разм.

1. Пра зялёны, недаспелы плод. Яшчэ нядаўна на вішняку, у засені якога мы з Анастассяй Паўлаўнай сядзелі цэлымі днямі, віднеліся вішанькі-зялепухі, а цяпер яны аж чорныя. Сабаленка. — Навошта ж гэта столькі гуркоў матка налаташыла? Яны ж зялепухі яшчэ горкія. Масарэнка.

2. перан. Пра маладога, неспрактыкаванага чалавека.

зялёнка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Ядомы грыб з пласціністай зялёнай шапкай. Міця па-ранейшаму ходзіць у лес. Цяпер па зялёнкі, самыя познія, апошнія грыбы восені. Навуменка.

зялёнка 2, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Разм. Вадкасць зялёнага колеру на спірце з антысептычнымі ўласцівасцямі для змазвання скуры. Апёкі на твары пачарнелі, едкая зялёнка распаўзлася да вушэй. Алешка.

зялёны, ‑ая, ‑ае; зелен, ‑а.

1. Адзін з колераў сонечнага спектра, сярэдні паміж жоўтым і блакітным; колеру травы, зелені. Зялёны колер. Зялёная фарба. Зялёная тканіна. □ Пад цяжарам.. яблыкаў нізка звісае зялёнае голле. Брыль. // Разм. Бледны, з зямлістым адценнем. Зялёны твар.

2. Утвораны зеленню (у 1 знач.), зялёнай расліннасцю; зарослы дрэвамі, кустамі, травой. Верхавіны.. дрэў былі такія пышныя, што спляталіся галлём угары і ўтваралі цяністы зялёны тунэль. Чарнышэвіч. Гарадок быў зялёны, чысты, амаль цэлы, з брукаванымі вуліцамі і тратуарамі. Арабей.

3. Які складаецца са свежай зелені, з’яўляецца зеленню (у 1 знач.). Зялёны корм. Зялёнае ўгнаенне. // Прыгатаваны са свежай травяністай часткі ядомых раслін. Зялёны боршч. Зялёнае варыва.

4. Недаспелы, няспелы. Зялёны яблык. Зялёнае жыта. Журавіны яшчэ зялёныя.

5. перан. Вельмі юны, нясталы; нявопытны з прычыны маладосці. Прыехаў да нас у будаўнічую кантору новы начальнік. Зусім зялёны, зірнеш на яго — гадоў васемнаццаць, больш не дасі! Каршукоў.

6. у знач. наз. зялёныя, ‑ых. Назва асобных атрадаў нерэгулярных войск, якія ў час вайны хаваюцца ў лясах і рабуюць насельніцтва. Нам — ні белых, ні зялёных, Мы з душою за чырвоных. З нар.

•••

Зялёнае мыла гл. мыла.

Зялёная маса гл. маса.

Зялёны гарошак гл. гарошак.

Зялёны канвеер гл. канвеер.

Зялёны стол гл. стол.

Зялёны тэатр гл. тэатр.

Зялёны чай гл. чай.

Зялёныя насаджэнні гл. насаджэнне.

Зялёнае дзіця гл. дзіця.

Зялёная вуліца гл. вуліца.

Молада-зелена гл. малады.

зяло́ 1, ‑а, н.

Назва восьмай літары (ѕ) царкоўнаславянскай і старой рускай азбукі, якая абазначае, як і літара зямля (з), гук «з».

зяло́ 2, ‑а, н.

Насенне пустазелля ў збожжы.