зды́мак і зні́мак, ‑мка, м.
Адбітак каго‑, чаго‑н., атрыманы шляхам фатаграфавання. Зрабіць здымак. Рэнтгенаўскі здымак. □ Нехта з прысутных навёў на касманаўтаў фотаапарат. Пазней, пасля адлёту карабля, гэты здымак абляціць усе газеты свету. Шыцік. — А вось якія мае мыслі: я хачу навучыцца рабіць фатаграфічныя знімкі, хачу купіць апарат. Колас.
зна́вец, знаўца і зна́ўца, ‑ы, м.
Чалавек, які валодае спецыяльнымі ведамі, пазнаннямі ў якой‑н. галіне; знаток. Музыку ж ён надта любіў і лічыў сябе закончаным знаўцам яе. Грамовіч. Выдатны майстра і тонкі знаўца жывога слова, Кузьма Чорны па-горкаўску ставіўся да мовы пісьменніка. Кудраўцаў.
знадво́рку, прысл.
1. Са знешняга, надворнага боку; звонку. Знадворку Прохарава хата сапраўды мела цалкам прыстойны выгляд і нават сярод іншых вызначалася сваёй велічынёй і свежасцю. Зарэцкі. Скуратовіч замкнуў знадворку дзверы. Чорны.
2. З прасторы, размешчанай па-за межамі памяшкання; з вуліцы. Гадзіннік .. у прахадной павешаны быў на такім месцы, каб яго можна было бачыць знадворку. Корбан. Знадворку данёсся глухі тупат ног. Ваданосаў. // Па-за межамі памяшкання; на вуліцы, на дварэ. Дзецям стала зусім не страшна, хоць знадворку гулі сосны. Мележ. Знадворку ўсталёўваўся дзень. Пасвятлела ў хаце, праясніліся твары. Пташнікаў.
знадво́рны, ‑ая, ‑ае.
Вонкавы, знешні. Знадворныя дзверы. □ Хата дзеда Талаша ўсё ж такі зварачае на сябе ўвагу. Не так знадворным выглядам, як адзіноцтвам. Колас.
знаёмасць, ‑і, ж.
Абл. Знаёмства. [Рыгор] як бы чытаў яе [Ганніны] думкі, што ляцелі ў Ліцк, на станцыю, дзе.. зараджалася іх знаёмасць. Гартны.
знаёмец, ‑мца, м.
Разм. Знаёмы чалавек. Яўхім спачатку, з шастом на плячы, зрабіў быў крок да знаёмца, але, бачачы яго абыякавасць, нават нейкую пагарду, далей не пайшоў. Ракітны.
знаёміцца, ‑млюся, ‑мішся, ‑міцца; незак.
1. Уступаць у знаёмства з кім‑н. Знаёміцца з першакласнікамі. □ Павел затрымаў .. [механізатараў] і пачаў знаёміцца. Гроднеў.
2. з чым. Атрымліваць звесткі, набываць веды аб чым‑н. Знаёміцца з класічнай літаратурай. Знаёміцца з горадам. □ Галоўны інжынер завода больш тыдня знаёміўся з праектам Рэндала. Гамолка.
знаёміць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак., каго-што.
1. Рабіць знаёмым каму‑н.; прадстаўляць аднаго другому (другім). Паходня на гэты раз ахвотна знаёміў Зараніка з людзьмі, шмат паказваў і расказваў, але асаблівай прыязнасці да сябе Заранік не адчуваў. Хадкевіч.
2. з чым. Даваць каму‑н. звесткі аб чым‑н. Знаёміць з рашэннямі партыі. Знаёміць з творчасцю пісьменніка. Знаёміць экскурсантаў з экспанатамі музея.
знаёмка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
Разм. Жан. да знаёмец.
знаёмства, ‑а, н.
1. Адносіны паміж людзьмі, якія ведаюць адзін аднаго і падтрымліваюць узаемныя сувязі; устанаўленне, пачатак такіх адносін. Завесці знаёмства. □ Са Святланай у Салаўёва знаёмства было даўняе, яшчэ партызанскае. Шахавец. [Ядвіга] знаёмілася з ваколічнай шляхтай, хаця з «кавалерамі» мала гутарыла пры знаёмстве. Бядуля.
2. Разм. Круг знаёмых. У яго ў горадзе вялікае знаёмства. □ Міласэрныя сёстры, мяшчане, сяляне, чыгуначнікі, гандляры, спекулянты складаюць звычайны круг знаёмства швачкі Самабыліхі. Колас.
3. Набыццё ведаў, звестак пра што‑н., азнаямленне з чым‑н. Знаёмства Карніцкага з камвузам зацягнулася на цэлых тры гады. Паслядовіч. // Веданне чаго‑н., азнаёмленасць з чым‑н. З салдатаў Бухча прынёс знаёмства з культураю. Чорны.
•••
З першага знаёмства — адразу, пры першай сустрэчы.
Па знаёмству — скарыстоўваючы блізкія адносіны, сувязі з кім‑н. (уладкавацца, уладзіць якую‑н. справу і пад.).
Шапачнае знаёмства — павярхоўнае знаёмства.