знудзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Тое, што і знудзіцца.
знудзі́цца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
Нудзячыся, сумуючы па кім‑, чым‑н., змучыцца, стаміцца. З кожным крокам Віця ўсё мацней адчуваў, як знудзіўся ён за гэты час па маці, па роднай вёсцы. Корзун.
знудзі́ць, ‑дзіць; безас. зак.
Зрабіцца блага; вырваць 2. Ад алею і ладану знудзіць можа. Лужанін.
знутры́, прысл.
1. З унутранай часткі, з сярэдзіны чаго‑н. Знутры раздаюцца галасы. // З унутранага боку; унутры чаго‑н. Дзверы лёгка адчыняюцца .. Я зачыняю іх, закладваю знутры на завалу. Асіпенка. [Борух з жонкай] жылі .. у маленькай хатцы, знутры і знадворку аблепленай глінай. Бядуля.
2. у знач. прыназ. з Р. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, з унутранага боку якога распаўсюджваецца дзеянне. — Паравоз узарваны знутры топкі, значыць міна была падкінута ў топку. Лынькоў.