Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

знелюдзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее і знялю́дзець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць нелюдзімым ад адзінокага жыцця; здзічэць. — Маніш, сумна адному. Так ты зусім знелюдзееш. Лупсякоў. [Штанюк] рэдка калі высоўваецца на вуліцу. І ў двор да яго не так лёгка дастукацца. Знялюдзеў чалавек. Нават з намі, суседзямі, не вітаецца. Сабаленка.

знябы́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Змораны, змучаны. На палку, здарожаны, знябыты, абарваны, сядзеў Гарус. Чорны.

знябы́цца, ‑будуся, ‑будзешся, ‑будзецца; зак.

Разм. Змарыцца, змучыцца. Ян зусім знябыўся, ледзьве ходзіць. Чарнышэвіч. [Быстроў] стрымана, з насмешачкай, расказаў, як гадоў пяць назад, палюючы ў тайзе, так знябыўся, што зваліўся ў снег і ледзь не замёрз. Мележ.

знява́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. зневажаць — зняважыць.

2. Тое, што можа абразіць, зняважыць; абразлівы ўчынак, паводзіны, слова. Распарадчык змераў позіркам Краўчанкаву постаць, і Краўчанка ўбачыў у гэтым позірку знявагу і дакор. Мікуліч.

знява́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад зняважыць.

2. у знач. прым. Пакрыўджаны, абражаны, прыніжаны. У верш [Ю. Таўбіна] увайшла тэма зняважанай, скатаванай Заходняй Беларусі. Бярозкін. / у знач. наз. знява́жаны, ‑ага, м.; знява́жаная, ‑ай, ж. [Янка Купала] умеў быць пяшчотным, калі пісаў пра зняважаных і пакрыўджаных. Шкраба.

знява́жлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць зняважлівага.

знява́жлівы, ‑ая, ‑ае.

Які зневажае, змяшчае ў сабе знявагу. — Спалохаўся!.. — Косця кінуў на сябра зняважлівы позірк. Курто. Самая адборная і зняважлівая лаянка разлягалася па наваколлі. Паслядовіч.

знява́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

Зняславіць, прынізіць, абразіць. Нехта зняважыў .. [Косціка], аблаяў непрыстойным словам. Баранавых. — Мяне там зняважылі, мяне там асмяялі, з мяне рагаталі. Чорны.

зняве́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад зняверыць.

2. у знач. прым. Які страціў веру ў каго‑, што‑н., пераконанасць у чым‑н. Не! Усё-такі не ўяўляецца, зняверанаму, мне І рэчка без вады, і лес без дрэў, гняздо без птушак. Сіпакоў.

зняве́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да зняверыцца.