Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зна́вец, знаўца і зна́ўца, ‑ы, м.

Чалавек, які валодае спецыяльнымі ведамі, пазнаннямі ў якой‑н. галіне; знаток. Музыку ж ён надта любіў і лічыў сябе закончаным знаўцам яе. Грамовіч. Выдатны майстра і тонкі знаўца жывога слова, Кузьма Чорны па-горкаўску ставіўся да мовы пісьменніка. Кудраўцаў.

знадво́рку, прысл.

1. Са знешняга, надворнага боку; звонку. Знадворку Прохарава хата сапраўды мела цалкам прыстойны выгляд і нават сярод іншых вызначалася сваёй велічынёй і свежасцю. Зарэцкі. Скуратовіч замкнуў знадворку дзверы. Чорны.

2. З прасторы, размешчанай па-за межамі памяшкання; з вуліцы. Гадзіннік .. у прахадной павешаны быў на такім месцы, каб яго можна было бачыць знадворку. Корбан. Знадворку данёсся глухі тупат ног. Ваданосаў. // Па-за межамі памяшкання; на вуліцы, на дварэ. Дзецям стала зусім не страшна, хоць знадворку гулі сосны. Мележ. Знадворку ўсталёўваўся дзень. Пасвятлела ў хаце, праясніліся твары. Пташнікаў.

знадво́рны, ‑ая, ‑ае.

Вонкавы, знешні. Знадворныя дзверы. □ Хата дзеда Талаша ўсё ж такі зварачае на сябе ўвагу. Не так знадворным выглядам, як адзіноцтвам. Колас.

знаёмасць, ‑і, ж.

Абл. Знаёмства. [Рыгор] як бы чытаў яе [Ганніны] думкі, што ляцелі ў Ліцк, на станцыю, дзе.. зараджалася іх знаёмасць. Гартны.

знаёмец, ‑мца, м.

Разм. Знаёмы чалавек. Яўхім спачатку, з шастом на плячы, зрабіў быў крок да знаёмца, але, бачачы яго абыякавасць, нават нейкую пагарду, далей не пайшоў. Ракітны.

знаёміцца, ‑млюся, ‑мішся, ‑міцца; незак.

1. Уступаць у знаёмства з кім‑н. Знаёміцца з першакласнікамі. □ Павел затрымаў .. [механізатараў] і пачаў знаёміцца. Гроднеў.

2. з чым. Атрымліваць звесткі, набываць веды аб чым‑н. Знаёміцца з класічнай літаратурай. Знаёміцца з горадам. □ Галоўны інжынер завода больш тыдня знаёміўся з праектам Рэндала. Гамолка.

знаёміць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак., каго-што.

1. Рабіць знаёмым каму‑н.; прадстаўляць аднаго другому (другім). Паходня на гэты раз ахвотна знаёміў Зараніка з людзьмі, шмат паказваў і расказваў, але асаблівай прыязнасці да сябе Заранік не адчуваў. Хадкевіч.

2. з чым. Даваць каму‑н. звесткі аб чым‑н. Знаёміць з рашэннямі партыі. Знаёміць з творчасцю пісьменніка. Знаёміць экскурсантаў з экспанатамі музея.

знаёмка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

Разм. Жан. да знаёмец.

знаёмства, ‑а, н.

1. Адносіны паміж людзьмі, якія ведаюць адзін аднаго і падтрымліваюць узаемныя сувязі; устанаўленне, пачатак такіх адносін. Завесці знаёмства. □ Са Святланай у Салаўёва знаёмства было даўняе, яшчэ партызанскае. Шахавец. [Ядвіга] знаёмілася з ваколічнай шляхтай, хаця з «кавалерамі» мала гутарыла пры знаёмстве. Бядуля.

2. Разм. Круг знаёмых. У яго ў горадзе вялікае знаёмства. □ Міласэрныя сёстры, мяшчане, сяляне, чыгуначнікі, гандляры, спекулянты складаюць звычайны круг знаёмства швачкі Самабыліхі. Колас.

3. Набыццё ведаў, звестак пра што‑н., азнаямленне з чым‑н. Знаёмства Карніцкага з камвузам зацягнулася на цэлых тры гады. Паслядовіч. // Веданне чаго‑н., азнаёмленасць з чым‑н. З салдатаў Бухча прынёс знаёмства з культураю. Чорны.

•••

З першага знаёмства — адразу, пры першай сустрэчы.

Па знаёмству — скарыстоўваючы блізкія адносіны, сувязі з кім‑н. (уладкавацца, уладзіць якую‑н. справу і пад.).

Шапачнае знаёмства — павярхоўнае знаёмства.

знаёмы, ‑ая, ‑ае; знаем, ‑а.

1. Раней зведаны, спазнаны, прывычны. Знаёмы голас. Знаёмая мелодыя. □ Зося лёгка разбірала знаёмы почырк. Крапіва. Ішоў дзед Талаш не спяшаючыся, выбіраючы глухія лясныя сцежкі, так добра знаёмыя дзеду. Колас.

2. з чым або каму-чаму. Які зведаў, выпрабаваў што‑н., мае пазнанні ў чым‑н. Як чалавек, знаёмы з тутэйшымі парадкамі, .. [Кібрык] з самага пачатку сеў воддаль, на тахту. Шыцік. Рэдактар надзеў акуляры, паклаў на стол жылістыя рукі — ім, відаць, знаёма была ў свой час фізічная праца. Хадкевіч.

3. Які знаходзіцца з кім‑н. у знаёмстве (у 1 знач.). Мяркуючы па тым, як .. [юнакі] сустрэліся, як жартуюць, лёгка можна было заключыць, што яны даўно знаёмыя і паважаюць адзін аднаго. Анісаў.

4. у знач. наз. знаёмы, ‑ага, м.; знаёмая, ‑ай, ж. Той, (тая), хто знаходзіцца ў знаёмстве з кім‑н.; знаёмы чалавек. У цэнтры горада, ля крамы, на рагу, Знаёмая знаёмую спаткала. Корбан. Бацька і маці пайшлі да знаёмых у госці, а Віця застаўся дома. Якімовіч.