Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зе́рне, ‑я; мн. зерні, ‑яў і зярняты, ‑нят; н.

1. Дробны плод, семя злакаў; семя некаторых іншых раслін. Андрэй Сцяпанавіч запускаў руку то ў ячмень, то ў пшаніцу, перасыпаў з далоні на далонь зярняты, нюхаў іх. Бялевіч. // зб. Насенне хлебных злакаў. У гэтай будыніне хаваліся галоўныя калгасныя прадукты: зерне, бульба і гародніна. Колас. Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі.

2. Асобная частка, крупінка якога‑н. рэчыва. Хларафілавае зерне. Зерне пораху.

3. перан.; чаго. Зародак, ядро чаго‑н., зыходны пачатак. Водгулле ўсяго таго, што дзеялася на свеце, далятала сюды [у Палессе] .. з такімі напластаваннямі людской фантазіі, што ўжо трудна было вылушчыць з іх зерне праўды. Колас.

зерне... (а таксама зерня...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам: «зерне», «зерневы», напрыклад: зернесушылка, зернеўборачны, зернесаўгас.

зернеачы́стка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Аддзяленне ад зерня ўсіх пабочных прымешак.

зернеачышча́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для ачысткі зерня. Зернеачышчальныя машыны.

зернебабо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які дае плады ў выглядзе бабоў, што выкарыстоўваюцца як прадукт харчавання. Зернебабовыя культуры. // у знач. наз. зернебабо́выя, ‑ых. Сельскагаспадарчыя расліны сямейства бабовых, напрыклад: гарох, фасоля, сачавіца і пад.

зе́рневы, ‑ая, ‑ае і зернявы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да зерня (у 1 знач.). Зерневы фураж. // Звязаны з вырошчваннем зерня. Зерневая гаспадарка.

2. Які дае плады ў выглядзе зярнят. Зернявыя культуры. // у знач. наз. зе́рневыя, ‑ых. Злакавыя сельскагаспадарчыя культуры (жыта, пшаніца, авёс і пад.), зерне якіх выкарыстоўваецца як прадукт харчавання. Уборка зерневых.

зернедрабі́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Машына для драблення і расплюшчвання зярнят.

зернедрабі́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для драблення і расплюшчвання зярнят. Зернедрабільная машына.

зернепагру́зчык, ‑а, м.

Машына для пагрузкі і механізаванага праветрывання зерня.

зернепадо́бны, ‑ая, ‑ае.

Па форме і выгляду падобны на зерне. Зернепадобныя клеткі.