Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зе́лена,

1. Прысл. да зялёны (у 1, 2 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць зялёнай расліннасці. Было лета, самая зялёная пара яго. Зелена было на гародах, у полі, на балотах. Мележ.

•••

У вачах зелена — тое, што і у вачах зелянее (гл. зелянець).

зеленава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Злёгку зялёны (у 1, 2 знач.); з зялёным адценнем. Зеленаватыя вочы ўмеюць быць злымі і строгімі, хоць сам старшыня чалавек не злы. Колас. З мора насустрач нам адна за другой коцяцца ўзнятыя ветрам зеленаватыя хвалі. Галавач.

2. Недаспелы, зялёны. Жыта пачало хутка даспяваць. Толькі ў нізінах яно было зеленаватым. Асіпенка.

зеленаво́кі, ‑ая, ‑ае.

З зялёнымі вачамі. Зеленавокае кацяня. / у вобразным ужыв. Зеленавокія травінкі На поймы выбеглі Лахвы, З дажджом шукаючы хмурынку Ці хмару з гулам грамавым. Матэвушаў.

зеленкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і зеленаваты. Зеленкаватыя яблыкі. □ — Ты дзе была? — націскаючы на «дзе», запытаў Васіль, а зеленкаватыя, поўныя падазронасці вочы яго пазіралі на Аўгінню. Колас.

зе́лень, ‑і, ж.

1. зб. Трава, лісце дрэў, кустоў; зялёная расліннасць, зеляніна. Вясенняя зелень. Пах зелені. Зелень садоў. □ Мноства зелені ў цэнтры горада — гэта магутная крыніца свежага паветра. Лобан. — Парэчча добра мне знаёма! А колькі зелені там летам! Як у вяночку, стаіць хата. Колас. Адзінокія бярозкі жаўцелі між зелені сосен, і былі яны самотныя, як сіроты. Чарнышэвіч.

2. зб. Некаторыя віды гародніны і траў, якія скарыстоўваюцца ў ежу. Прадавец зелені. Палажыць зелень у суп.

3. Зялёны колер, зялёная афарбоўка чаго‑н. Светафор бліснуў яркай зеленню.

4. Разм. Зялёны налёт. Медны дрот пакрыўся зеленню.

5. Зялёная фарба.

6. Разм. Пра нясталых, маладасведчаных людзей. — Мала ты ведаеш, зелень ты, — па-бацькоўску прамовіў Гардвей. Мележ.

•••

Брыльянтавая зелень — анілінавая фарба, якая скарыстоўваецца ў медыцыне як антысептычны сродак.

Парыжская зелень — светла-зялёны нерастварымы ў вадзе парашок, які скарыстоўваецца для барацьбы з насякомымі — шкоднікамі сельскагаспадарчых раслін.

зе́лле, ‑я, н.

Разм.

1. Дзікарослыя травы; пустазелле. Вал асунуўся, зарос травою, зеллем, кустамі лазы і каліны. Колас. Загон у часе добрым будзе зжаты, у тарпу не трапіць зелле. Дубоўка.

2. Травы як корм для жывёлы; храп’е. Збіраць зелле ў агародзе. Насячы зелля. □ Чарнушчыха .. раптам ухапілася мяшаць свінням зелле. Мележ.

3. Лекавыя травы, а таксама настой на гэтых травах, які выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне; зёлкі. Варыць зелле. Лячыцца зеллем. □ Густа стаялі паўз сцены столікі, шафачкі,.. збаночкі з сухім зеллем. Чорны. // Усё тое, што лечыць, чым лечаць; лякарства. Ірка любіць пчол: яны збіраюць мёд. А позні мёд — зелле. Пташнікаў. Прыйшлі сёстры, каб раздаць зелле і зрабіць перавязкі. Галавач. // Жарт. Пра тытунь, гарэлку і пад. — А каб цябе, з тваім курывам. Задыміў усю хату зеллем гэтым праклятым, — бурчыць Макарыха. Асіпенка. — Можа ў сельпо зойдзем, паўлітэрку возьмем? Не хочаце? Ну, як сабе хочаце. Гэтага зелля ў маёй кабеты няма. Грамовіч.

зе́ллейка, ‑а, н.

Ласк. да зелле (у 3 знач.).

зельц, ‑у, м.

Каўбасны выраб з папярэдне зваранага мяса, свіных і ялавічных галоў, ножак, языкоў.

[Ад ням. Sülze — халадзец.]

зелянга́с, ‑а, м.

Гаспадарка па вырошчванню саджанцаў каштоўных народ дрэў; пітомнік, гадавальнік. А там, у зацішку густых хваін, раскінулася плантацыя гадавальніка. Тут уладанні зелянгаса. Кандрусевіч.

зеляне́цца, ‑еецца; незак.

Тое, што і зелянець (у 4 знач.). [Пархвен] убачыў у небе чорны высокі ствол без голля, і толькі адна тоўстая і таксама чорная галіна знізу зелянелася густымі новымі парасткамі. Чорны.