зелле, ‑я, н.
Разм.
1. Дзікарослыя травы; пустазелле. Вал асунуўся, зарос травою, зеллем, кустамі лазы і каліны. Колас. Загон у часе добрым будзе зжаты, у тарпу не трапіць зелле. Дубоўка.
2. Травы як корм для жывёлы; храп’е. Збіраць зелле ў агародзе. Насячы зелля. ▪ Чарнушчыха .. раптам ухапілася мяшаць свінням зелле. Мележ.
3. Лекавыя травы, а таксама настой на гэтых травах, які выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне; зёлкі. Варыць зелле. Лячыцца зеллем. ▪ Густа стаялі паўз сцены столікі, шафачкі,.. збаночкі з сухім зеллем. Чорны. // Усё тое, што лечыць, чым лечаць; лякарства. Ірка любіць пчол: яны збіраюць мёд. А позні мёд — зелле. Пташнікаў. Прыйшлі сёстры, каб раздаць зелле і зрабіць перавязкі. Галавач. // Жарт. Пра тытунь, гарэлку і пад. — А каб цябе, з тваім курывам. Задыміў усю хату зеллем гэтым праклятым, — бурчыць Макарыха. Асіпенка. — Можа ў сельпо зойдзем, паўлітэрку возьмем? Не хочаце? Ну, як сабе хочаце. Гэтага зелля ў маёй кабеты няма. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)