Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

затава́ранасць, ‑і, ж.

Скопішча, завал тавараў дзе‑н. Затаваранасць складаў.

затава́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да затаварыцца.

2. Зал. да затаварваць.

затава́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да затаварыць.

затава́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. Забяспечыць сябе таварам у большай ступені, чым трэба.

2. Сабрацца ў вялікай колькасці (аб якім‑н. тавары, не пушчаным у абарот). Мануфактура затаварылася.

затава́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

1. Выпусціўшы тавару болей, чым патрабуе рынак, сабраць яго ў вялікай колькасці.

2. Запоўніць, заваліць таварам, не пушчаным у абарот. Затаварыць склады.

затаі́цца, ‑таюся, ‑тоішся, ‑тоіцца; зак.

1. Схавацца, прытаіцца, імкнучыся застацца незаўважаным. Хлопцы затаіліся ў засені кустоў бэзу і сачылі адтуль за малымі. Шыловіч. Маленькі краб, выкінуты хвалямі на бераг, затаіўся пад каменем, дзе засталося крыху вільгаці, і пагражальна варушыць чорнымі клюшнямі. Бяганская. // перан. Разм. Імкнучыся застацца нявыяўленым, часова спыніць сваю дзейнасць. — Нам неабходна ўстанавіць пастаянны нагляд за Грыбоўскім і дзедам Гаўрылам. Толькі дзейнічаць трэба вельмі асцярожна. Пачнём ім мазоліць вочы, яны адразу здагадаюцца, затояцца... Курто. Белыя затаіліся, чакаюць большых сіл. Галавач.

2. перан. Скрыць, утаіць ад іншых свае думкі, пачуцці. Затаіцца ў сабе. □ Магла б тады ў крыўдзе затаіцца, Замкнуць давер’я дзверы на ключы І з пуцявіны выбранае збіцца, Навобмацак уперад ідучы, Калі б не дзядзька той мяне суцешыў. Лось.

затаі́ць, ‑таю, ‑тоіш, ‑тоіць; зак., што.

Скрыць, утаіць ад іншых (думкі, пачуцці і інш.). Затаіць сваю віну. Затаіць крыўду. Затаіць мару. □ Рэдкі казак не затаіў нянавісць да палкоўніка, калі была абвешчана воля апошняга: кожны казак, як і салдат, мусіў быў праходзіць строй. Мікуліч. Бацька будзе злаваць. Злосці сваёй ён не выкажа Алесю, затоіць яе ў сабе. Галавач.

•••

Затаіць дыханне (дых, дух) — стрымаць дыханне (перастаць дыхаць ад вялікага хвалявання, здзіўлення і пад.).

затакава́цца, ‑куецца; зак.

Цалкам захапіцца такаваннем (пра цецерука, глушца).

затакава́ць, ‑куе; зак.

Пачаць такаваць (пра цецерука, глушца).

зата́кт, ‑а, М ‑кце, м.

Няпоўны такт, з якога пачынаецца музычная фраза або мелодыя.