зайгра́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад зайграць 1.
2. у знач. прым. Які стаў дрэнным ад частага ўжывання. Зайграная пласцінка. // Які стаў збітым ад частага выканання. Зайграная п’еса.
зайгра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Захапіўшыся ігрой, забыцца пра час. Зайграцца на скрыпцы.
зайгра́ць 1, і заігра́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Часта іграючы на чым‑н. або чым‑н., зрабіць непрыгодным. Зайграць пласцінку.
2. Часта выконваючы (сцэнічны або музычны твор), зрабіць банальным, збітым. Зайграць п’есу.
зайгра́ць 2 і заігра́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць іграць.
за́йздрасць, ‑і, ж.
Пачуццё незадаволенасці і раздражнення, выкліканае перавагамі, поспехамі, дабрабытам іншых; жаданне мець тое, што маюць другія. — Ты мяне ўсюды абганяеш, — гаварыла Галіна Святлане з лёгкай зайздрасцю. Шахавец.
•••
Лопнуць ад зайздрасці гл. лопнуць.
На зайздрасць — так (такі і пад.), што можна пазайздросціць.
зайздро́слівы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і зайздросны. Такароўцы забываліся аб тым, што яны арандатары. Часам.. зайздрослівыя суседзі аб гэтым ім калі-нікалі напаміналі. Бядуля. Не адно зайздрослівае вока ацэньвала Дарошаву будоўлю. Мурашка.
зайздро́сна,
1. Прысл. да зайздросны.
2. безас. у знач. вык., каму. Пра пачуццё зайздрасці, якое перажывае хто‑н. Мне проста зайздросна, Што шмат на пляцоўцы Машын і рабочых У сіняй спяцоўцы. Ляпёшкін.
зайздро́снасць, ‑і, ж.
Уласцівасць зайздроснага.
зайздро́снік, ‑а, м.
Той, хто зайздросціць другім; зайздросны чалавек. Ёсць у .. [Валодзі] і зайздроснікі. Толькі зайздросцяць не тады, калі Валодзя працуе, а тады, калі ён грошы атрымлівае. Вішнеўскі.
зайздро́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Схільны да зайздрасці; з пачуццём зайздрасці. Зайздроснаму Варвону было няўцям, што шчасцем Плюндрыка было яго няшчасце. Вітка. // Які выражае зайздрасць. Зайздросны позірк.
2. Надта добры, здольны абудзіць зайздрасць. Зайздросны лёс. □ Была зайздроснай Саўкі доля, Бо гэткіх конюхаў, як ён, Ніхто не знаў у наваколлі: Ім ганарыўся ўвесь раён! Гаўрусёў.