Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

завало́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і заўлада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., кім-чым.

1. Узяць што‑н. у сваё ўладанне; захапіць. Чалавек навучыўся браць багацці зямлі, навучыўся рабіць машыны, завалодаў морамі, рэкамі, паветрам. Галавач. [Птушаняты] злосна штурхаюцца, стараючыся завалодаць большым і лепшым кавалкам. В. Вольскі.

2. перан. Прыцягнуць да сябе, падпарадкаваць свайму ўплыву. Відаць было, што памочнік хацеў завалодаць адзін увагаю панны Ядвісі, а настаўніка адцерці. Колас. Ідэя электрыфікацыі завалодала калгаснікамі ўсіх калгасаў сельсавета. Шамякін.

заўва́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.

1. Кароткае выказванне, меркаванне наконт чаго‑н. Цікаўны і надзвычай назіральны, ён умеў не толькі слухаць, але і ўстаўляць у гутарку свае заўвагі, заўсёды разумныя і трапныя. Чарнышэвіч. Покі сабраўся.. [Мартын Рыль] адказаць Аўгінні якім-небудзь трапным словам на яе заўвагу аб барадзе, яна ўжо паспела шмыгнуць ад яго. Колас. // часцей мн. (заўва́гі, ‑ваг). Крытычныя меркаванні навуковага характару. Заўвагі рэцэнзентаў. Заўвагі на палях кнігі.

2. Указанне на памылку ці недахоп, часта з папрокам або павучаннем. — Канцы аглабель не зусім роўныя, — зрабіў.. [брыгадзір] заўвагу Міхасю. Якімовіч. Сцёпа слухаў няўважліва. Настаўнік некалькі разоў рабіў яму заўвагі. Курто. // Від дысцыплінарнага спагнання.

3. Дадатковае тлумачэнне да тэксту. Падрадковыя заўвагі.

заўважа́цца, ‑аецца; незак.

1. Назірацца, адчувацца. За Толікам даўно ўжо заўважаўся той грэх, што называецца маною. Ляўданскі.

2. Зал. да заўважаць.

заўважа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да заўважыць.

заўва́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

1. каго-што. Успрыняць якімі‑н. органамі пачуццяў; убачыць, адчуць, пачуць. Заўважыць святло. Не заўважыць холаду. □ Праз пяць хвілін падняўся агонь з зямлі ў некалькіх месцах. На зямлі льга стала заўважыць хвойную іголку. Чорны. [Марынка] ўстала, паправіла сукенку, і Паходня.. ссутуліўся, некалькі здзіўлены, што яна як бы і не заўважыла яго слоў. Хадкевіч. // Разгледзець, падмеціць, зрабіць якое‑н. назіранне. Сябры не заўважылі маёй разгубленасці толькі таму, што якраз у гэты момант аднекуль здалёк пачуліся выбухі. Карпюк.

2. каго-што. Звярнуць асаблівую ўвагу на каго‑, што‑н. Што іменна ён быў павінен зрабіць — гэтага Васіль пакуль не ведаў, але быў упэўнены, што зробіць шмат, што яго заўважаць і па-сапраўднаму ацэняць. Шашкоў.

3. каго-што. Адзначыць, запомніць па якіх‑н. прыметах. — Заўваж месца і ідзі скажы, што тут ляжыць ранены палкоўнік. Чорны. — Раю заўважыць гэту расліну, — са смехам сказаў Мірон, — табе яна можа спатрэбіцца. Маўр.

4. Выказаць думку, уставіць заўвагу ў час размовы з кім‑н. — Трэба залічыць дзеда ў рады Чырвонай Арміі і выдаць яму стрэльбу, як чырвонаармейцу, — не то жартліва, не то сур’ёзна заўважыў адзін з ротных камандзіраў. Колас. // каму. Зрабіць заўвагу, выгаварыць за які‑н. промах, памылку, недахоп. — Павінен вам заўважыць, — спыніў .. [Кац] кліента, які ўжо збіраўся выходзіць з рэстарана, — вы непрыстойна паводзілі сябе. Корбан.

заўдаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць удавой, удаўцом; аўдавець. [Нахаме] было тады, калі яна заўдавела, гадоў пад трыццаць пяць. Чорны.

заўжды́, прысл.

Заўсёды. Любая нам праца заўжды па плячу. Астрэйка. І ніколі ніхто Нас не зможа спыніць, Бо заўжды наша партыя з намі! Журба.

заўздыха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пачаць уздыхаць.

заўзя́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць заўзятага; стараннасць, нястрымнасць, напорыстасць. [Васіль] пілаваў з тою заўзятасцю і ахвотай, з якімі робіць чалавек, што ўзяўся за жаданы занятак. Мележ.

заўзя́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які пастаянна і з захапленнем займаецца чым‑н., аддаецца чаму‑н. Заўзяты паляўнічы. Заўзяты балельшчык. □ [Кузьма] быў такі заўзяты і ўдалы рыбак, што вопытныя старыя рыбаловы ахвотна раіліся з ім і бралі з сабой. Шамякін.

2. Напорысты, упарты. У сяле добра помнілі: быў у .. [Шкробатаў] некалі сын, Радзівон, упарты, заўзяты. Мележ.

3. Які выконваецца, вядзецца старанна, з захапленнем, з запалам; упарты, напружаны. Заўзятая праца. □ Саша вяла нейкую заўзятую гутарку з Жарнавіком і не пачула, што сказаў Малашкін. Пестрак. Мы выйшлі на двор і ўбачылі заўзятую бойку двух шпакоў у паветры. Пальчэўскі.