заўвага, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.

1. Кароткае выказванне, меркаванне наконт чаго‑н. Цікаўны і надзвычай назіральны, ён умеў не толькі слухаць, але і ўстаўляць у гутарку свае заўвагі, заўсёды разумныя і трапныя. Чарнышэвіч. Покі сабраўся.. [Мартын Рыль] адказаць Аўгінні якім-небудзь трапным словам на яе заўвагу аб барадзе, яна ўжо паспела шмыгнуць ад яго. Колас. // часцей мн. (заўвагі, ‑ваг). Крытычныя меркаванні навуковага характару. Заўвагі рэцэнзентаў. Заўвагі на палях кнігі.

2. Указанне на памылку ці недахоп, часта з папрокам або павучаннем. — Канцы аглабель не зусім роўныя, — зрабіў.. [брыгадзір] заўвагу Міхасю. Якімовіч. Сцёпа слухаў няўважліва. Настаўнік некалькі разоў рабіў яму заўвагі. Курто. // Від дысцыплінарнага спагнання.

3. Дадатковае тлумачэнне да тэксту. Падрадковыя заўвагі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)