захаваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Аберагаючы, не даць чаму‑н. прапасці, знікнуць; зберагчы цэлым. Захаваць дзяржаўную маёмасць. ▪ — Пакляніся мне, што ты захаваеш сцяг нашага палка. Якімовіч. Музей збудуйце вокнамі да сонца. Там захавайце да драбніцы ўсё. І першую сваю калгасную заяву,.. І плуг, што межы разараў навекі. Танк. // Не змяніць, пакінуць у ранейшым выглядзе. Тое лясніцтва — глухі куток Беларусі, — у якім служыў Васіль, захавала, у сабе яшчэ старыя парадкі. Колас. — Маіх ты не мог абмераць, — адказаў Чарныш, — бо мае, як і большасць тут людзей, не хацелі дзяліць калгас, а стараліся захаваць яго цэлым. Кулакоўскі. // Шануючы, падтрымліваючы, прадоўжыць існаванне чаго‑н. Захаваць нацыянальную незалежнасць. Захаваць традыцыі. // перан. Утрымаць (у памяці, у сэрцы); запомніць. [Заранік], калі б куды ні ездзіў, заўсёды стараўся захаваць у памяці ўражанні, факты, сустрэчы з людзьмі. Хадкевіч.

2. Зберагчы ад псавання, знішчэння. Захаваць ураджай. Захаваць прадукты ад цвілі. // Зберагчы ад пагібелі, небяспекі; не даць загінуць. [Ігнась] развітаўся, узяў на рукі чатырохгадовага Васілька,.. сказаў, папрасіў: — Захавай яго... Які ж ён асілак у нас... Во!.. Лынькоў. — Каб захаваць жыццё камандзіра, патрэбна ампутацыя. Паслядовіч.

3. Застацца ў якім‑н. стане, становішчы, не страціць якіх‑н. якасцей, уласцівасцей. Захаваць знешні спакой. ▪ [Сцёпка] хоча захаваць сур’ёзнасць, нават значную жорсткасць, як і належыць усякаму, хто пайшоў адзін супроць усіх. Колас.

4. Разм. Пакласці, размясціць так, каб другія не маглі ўбачыць, знайсці; схаваць. Хітры «Козлік» захаваў .. [раненых] у нейкай глушы. Брыль. Сівыя валасы .. [Тэкля] старанна захавала пад хустку. Краўчанка. // Закрыўшы сабою, схаваць. Чорнае густое шчацінне пакрывала яго бараду і шчокі.. Вусы захавалі верхнюю губу. Чарнышэвіч. // перан. Схаваць, утаіць (думкі, пачуцці і інш.). Дзяўчына тут жа павярнулася да акна, каб захаваць ад Рыгора сваё хваляванне. Гартны. Ты ж захавай сваё гора У сэрцы глыбока, Каб не зацьміць ім Ні сонца, ні светлага неба. Тарас.

5. Прытрымліваючыся пэўных правіл, норм і пад., дакладна выканаць. Захаваць умовы дагавору. Захаваць дысцыпліну.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)