за́хад, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Апусканне (сонца, радзей — аб іншых свяцілах) за лінію гарызонта. [Максім Сцяпанавіч з Верай Антонаўнай] глядзелі на мора, на захад сонца — вялікага, крыху прыплясканага, вогненнага. Карпаў. // Час, калі сонца заходзіць, апускаецца за лінію гарызонта. На захадзе сонца, стомлены і галодны, вяртаўся Міхаіл Парфенчык дадому. Шчарбатаў. // Частка гарызонта, дзе заходзіць сонца. Вячэрняя зара ўжо ахапіла захад. Чарнышэвіч. // Вогненна-чырвоная афарбоўка неба над гарызонтам у той час, калі заходзіць сонца. Пявунні даўно ўжо ўвайшлі ў цень ад высокага бору, а ўзняты іхнімі босымі нагамі пыл павіс над дарогай, румяніцца воблакам у праменнях захаду. Ракітны. Калі [Іван і Сымон] вярнуліся, рака ўжо адлюстравала барвовы захад. Данілевіч.
2. Адзін з чатырох напрамкаў свету, процілеглы ўсходу. Паўнеба на захадзе было пакрыта агромністай цёмнай хмарай. Лынькоў. // Напрамак, процілеглы ўсходу. Машыны, танкі, артылерыя ішлі бесперапыннай плынню ў адным кірунку — на захад. Шамякін. // Мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку.
3. (з вялікай літары). Краіны Заходняй Еўропы і Амерыкі ў процілегласць краінам сацыялістычнай садружнасці.
•••
Паўднёвы захад — а) напрамак паміж поўднем і захадам; б) мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку.
Паўночны захад — а) напрамак паміж поўначчу і захадам; б) мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)