заве́сціся, ‑вядуся, ‑вядзешся, ‑вядзецца; ‑вядзёмся, ‑ведзяцеся; пр. завёўся, ‑вялася, ‑лося; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). З’явіцца, зрабіцца наяўным. Грошы завяліся. // Узнікнуўшы, распладзіцца, размножыцца. [Дзядуля] даглядае дрэўцы, абразае сухія галінкі, падвязвае маладыя парасткі вінаграду, сочыць, каб не завяліся ў садзе якія шкоднікі. Бяганская. // Арганізавацца, наладзіцца. — У нашым раёне яшчэ дзве трусіныя фермы завяліся. Адна — у «Партызане», а другая... у Пажарках. Ракітны.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Устанавіцца, пачацца. З першых дзён Зеленюковага прыезду ў Сівец у іх завялася з Віктарам цёплая дружба. Зарэцкі. Так завяліся ў містэра Лаяна шырокія сувязі як у дзелавым, так і ў афіцыйным свеце. Лынькоў.
3. Разм. Пачаць бойку, спрэчку і пад. з кім‑н. Сымон яшчэ змалку паказаў сваю злосць. Раз ён завёўся за нешта са сваёй сястрой Марцэляй. Колас. — Я сам злосны і, магчыма, бываю несправядлівы. .. Дык што ты, і мяне знішчыш? — горача насядаў Ходас на Косцю. — Завёўся ўжо! — папракнула яго Вера. Шамякін.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць дзейнічаць у выніку заводу 2 (у 1 знач.). Гадзіннік завёўся. Матор завёўся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)