заве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. завёў, ‑вяла, ‑ло; зак., каго-што.
1. Ведучы, даставіць куды‑н. Завесці дзіця ў сад. □ Пасля сяўбы Андрэй меркаваў завесці чорную кабылу ў валасное мястэчка Старочын і прадаць там. Чарнышэвіч.
2. Адвесці не туды, куды трэба. [Іван Цуба] завёў карнікаў у непраходнае балота. Краўчанка. Дарога на ток здавалася вельмі доўгай. Язэпу ўвесь час хацелася ўцячы, знікнуць або завесці гэтых людзей куды-небудзь далей ад току. Асіпенка. // перан. Прымусіць выйсці за межы жаданага, мажлівага і пад. Капрызнай бывае думка рацыяналізатара. Яна можа завесці яго туды, куды ён, здавалася б, і не меў намеру ісці. Шахавец.
3. Заснаваць, набыць што‑н., абзавесціся чым‑н. Завесці пчол. Завесці гаспадарку. □ Міхал на новым месцы ўзяўся: Каня, кароўку расстараўся, Завёў свіней, дзве-тры авечкі. Колас. Усе нашы хлопцы без выключэння завялі сабе прычоскі. Навуменка.
4. Устанавіць, увесці. Завесці новыя парадкі. Завесці строгі ўлік.
5. і без дап. (звычайна ў спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне). Пачаць што‑н. Каб крыху перабіць настрой, каб стала весялей, дзяўчаты завялі песню. Дубоўка. Пятро паспрабаваў завесці гаворку пра надвор’е, пра ўраджай. Пальчэўскі.
6. Прывесці ў дзеянне, пусціць у ход які‑н. механізм. Завесці гадзіннік. Завесці патэфон. Завесці матор.
•••
Завесці катрынку — пачаць дакучлівую размову, гаварыць адно і тое ж.