Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сантыме́тр, ‑а, м.

1. Адзінка вымярэння даўжыні ў метрычнай сістэме мер, роўная адной сотай долі метра. [Парфенчык] любаваўся сасоначкамі, якія ўзняліся ўжо на вышыню дзесяці-пятнаццаці сантыметраў. Шчарбатаў.

2. Істужка або лінейка з нанесенымі на яе дзяленнямі на сантыметры. Зіна ўзяла сантыметр і пачала мераць. Якімовіч.

сантыметро́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сантыметра. Сантыметровыя дзяленні. // Даўжынёй у адзін сантыметр. Сантыметровыя радыёхвалі.

сантэ́хнік, ‑а, м.

Спецыяліст, які займаецца ўстаноўкай і наладкай санітарнага абсталявання.

сантэ́хніка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Санітарная тэхніка.

сантэхні́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сантэхнікі; санітарна-тэхнічны. Сантэхнічнае абсталяванне.

санура́ч, ‑а, м.

Санітарны ўрач.

санца... (гл. сонца...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «сонца...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: санцапёк, санцацвет.

санцалю́бны, ‑ая, ‑ае.

Які расце там, дзе многа сонца; які любіць сонца (пра расліны). Кукуруза — культура санцалюбная.

санцапёк, ‑у, м.

Месца, дзе моцна прыпякае сонца. На санцапёку даспяваюць вішні І на шчацэ густога соку след. Грахоўскі. Заўважыла [Лёля] на грудочку за дарогай, на самым санцапёку, кусты рамонку, якія ўжо расцвілі, і вельмі здзівілася. Алешка.

санцацве́т, ‑у, М ‑цвеце, м.

Травяністая або паўкустовая расліна сямейства ладаннікавых.