Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

саліда́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выражае сваю салідарнасць (у 1 знач.) з кім‑, чым‑н.; аднадушны. [Ганя:] — Мы [бацькі] павінны аддаць .. [дзецям] усё сваё найлепшае... [Ванда Адамаўна:] — Я з вамі салідарна. Грамовіч.

2. У юрыспрудэнцыі — той, хто нясе сумесную з кім‑н. адказнасць. Салідарныя абавязацельствы. Салідарная адказнасць. Салідарныя адказчыкі.

салідарызава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак. і незак.

Кніжн. Выказаць (выказваць) сваю салідарнасць з кім‑, чым‑н. Салідарызавацца з міжнародным вызваленчым рухам.

салідарыза́цыя, ‑і, ж.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. салідарызавацца.

салідары́зм, ‑у, м.

Тое, што і салідарызацыя. Але ж сёння мы разумеём, чым быў выкліканы такі класавы салідарызм Сыракомлі. Мальдзіс.

салі́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць саліднага. Тут гер Ракаў даў яшчэ адзін доказ свае загадкавай саліднасці: ён выняў з нутраной кішэні пінжака, што ляжаў на пракосе, маленькі блакнот з аловачкам, вырваў з блакнота лісток і прылёг на пакошы. Брыль.

салі́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Моцны, добра зроблены. Салідная пабудова. □ Слухаючы гаворку пра зямельныя ўчасткі, салідныя катэджы і плантацыі агрэсту альбо трускалак, Кірыла з’едліва ўсміхаўся. Паслядовіч.

2. Які вылучаецца грунтоўнасцю, глыбінёй, сур’ёзнасцю. Салідная адукацыя. Салідны вопыт работы. □ Работа выглядала саліднай, усё гучала ў ёй пераканаўча і па-навуковаму. Арабей. Адным словам, я [Генадзь Залужны] зрабіўся сапраўдным патрыётам Поўначы і меў намер зноў вярнуцца туды, але затым, каб паступіць у інстытут, набрацца ведаў, атрымаць салідную спецыяльнасць і толькі тады, ну, можа, на апошніх курсах інстытута, ажаніцца. Радкевіч.

3. Які заслугоўвае давер, з добрай рэпутацыяй, аўтарытэтам. Салідная ўстанова. □ Нізкі, тоўсты, з адрастаючым жывоцікам,.. [Сабалеўскі] хутчэй нагадваў прыказчыка ці коміваяжора саліднай гандлёвай фірмы, чым пасла беднага беларускага сялянства ў польскім Сейме. Машара. // Які карыстаецца аўтарытэтам, павагай; вядомы (пра чалавека). Салідны архітэктар. □ [Чарнавус:] А я вас, Аляксандр Пятровіч, цяпер ужо зусім разумею. Да гэтага дня я думаў, што маю справу калі не з салідным вучоным, дык, па крайняй меры, з сумленным чалавекам. Крапіва.

4. Важны, паважны, самастойны (пра чалавека). Тут сядзіць і пан Длугожыц. .. Усё яго аблічча паказвае на арыстакратычнасць яго рода. Ён салідны і павольны, ва ўсім захоўвае меру і пачуццё свае годнасці. Колас. // Уласцівы такому чалавеку, характэрны для яго. Салідны тон. // Які надае важнасць, мае значны памер (пра рэчы). Аранжавы непаседа паварочваецца да нас і, здаецца, вось-вось замурлыча і паварушыць даволі-такі саліднымі вусамі. Брыль. [Іне] падабаліся яго густыя чорныя бровы, чысты ружаваты твар і даволі салідны чуб. Ваданосаў.

5. Мажны, вялікі (пра фігуру чалавека). Завуч наш быў чалавек саліднай камплекцыі, і на ўсіх худых і тонкіх меў свой від. Ермаловіч. — А вы хто такі, уласна, будзеце? — пытаўся дырэктар, акідваючы позіркам салідную, міжвольна выклікаючую павагу, постаць Яўмена Фаміча. Краўчанка.

6. Не вельмі малады, сталы. Салідны ўзрост. □ З вамі на прадвесні Я, салідны дзядзя, Пеў бы, здэцца, песні, У піянератрадзе. Крапіва.

7. Значны па велічыні, памеру, сіле і пад. Салідны капітал. □ Праз тыдзень я [Мікола Бароніч] пад’ехаў да рэдакцыі амаль на новай машыне, а рэдактару аддаў рахунак на салідную суму. Гаўрылкін.

салідо́л, ‑у, м.

Гатунак густога рэчыва, якое выкарыстоўваецца для змазвання хадавой часткі транспартных машын. Ад свежых сасновых дошак патыхала смалою і салідолам ці нейкім іншым машынным маслам. Шашкоў.

салі́льны, ‑ая, ‑ае.

Які прызначаны, служыць для салення, засолу. Салільны басейн.

салі́льня, ‑і, ж.

Прадпрыемства, дзе робіцца засолка чаго‑н. (рыбы. ікры і пад.).

салі́льшчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца саленнем чаго‑н.