саве́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да Савета (у 1 знач.), заснаваны на кіраванні Саветамі як органамі дзяржаўнай улады. Савецкая ўлада. Савецкая дзяржава. Савецкая краіна. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Савецкі апарат.
2. Які мае адносіны да Краіны Саветаў, да СССР, належыць Краіне Саветаў. Савецкая канстытуцыя. Савецкі ўрад. Савецкая навука. Савецкая Армія. Савецкая літаратура. Савецкае студэнцтва. // Здабыты, зроблены, ажыццёўлены ў Краіне Саветаў. Савецкія аўтамабілі. Савецкія трактары. □ Прывітанне, Зямля! З касмастанцыі Першай Савецкай! Гілевіч. // Уласцівы Краіне Саветаў. Савецкая дэмакратыя. Савецкая законнасць. □ Работа рэдакцыі абумоўлена святымі прынцыпамі нашага савецкага друку — выступаць толькі з праўдай. Ракітны. // Уласцівы народу Краіны Саветаў. Савецкая ідэалогія. Савецкі патрыятызм. Савецкі быт. Савецкі ўклад жыцця. □ [Страмілін:] Ну, жадаю вам жыць у згодзе і любві ды збудаваць моцную савецкую сям’ю. Крапіва.
•••
Герой Савецкага Саюза гл. герой.
Савецкая гвардыя гл. гвардыя.
Савецкая сацыялістычная рэспубліка гл. рэспубліка.
Савецкі народ гл. народ.
саве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Разм. Тое, што і салавець. — Спаць пара, — раптам скажа гаспадыня. — Дзеці, пайшлі. — І я кажу, годзе вам савець, — грубавата пацвердзіць Іван. Мыслівец.
савінава́тасць, ‑і, ж.
Спец. Стан савінаватага; сумесная з кім‑н. вінаватасць.
савінава́ты, ‑ая, ‑ае.
Спец. Вінаваты ў чым‑н. сумесна з кім‑н.
савіно́л, ‑у, м.
Новае сінтэтычнае валакно, вырабленае з полівінілавага спірту.
савіно́ўнік, ‑а, м.
Асоба, вінаватая ў чым‑н. сумесна з кім‑н.
саві́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да савы, належыць саве. Савінае гняздо. □ І раптам Уладзік чуе савіны крык — ку-га! ку-га! Краўчанка. // Такі, як у савы; які чым‑н. нагадвае саву. Савіныя вочы. □ Маленькі Рыгорка сядзеў за сталом, у яго быў круглы савіны твар, калматая галава, а бровы старчма двума рожкамі віліся ўгару. Дуброўскі.
саву́чань, ‑чня, м.
Той, хто вучыцца або вучыўся разам з кім‑н.