Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

лінагравю́ра, -ы, ж.

1. Від гравюры (у 1 знач.) — атрыманне адлюстравання з плоскай друкаванай формы з лінолеуму або іншых пластычных матэрыялаў.

Тэхніка лінагравюры.

Займацца лінагравюрай.

2. Від гравюры — адлюстраванне, атрыманае з плоскай друкаванай формы на лінолеуме або іншых пластычных матэрыялах.

|| прым. лінагравю́рны, -ая, -ае.

лінаты́п, -а, мн. -ы, -аў, м. (спец.).

Друкарская машына, якая адлівае набор цэлымі радкамі.

|| прым. лінаты́пны, -ая, -ае.

Л. набор.

лінгафо́нны, -ая, -ае.

У выразе: лінгафонны кабінет — аўдыторыя, абсталяваная спецыяльнай апаратурай, якая дае магчымасць навучэнцам самастойна авалодваць замежнай мовай, а таксама культурай маўлення роднай мовы.

лінгвагеагра́фія, -і, ж.

Лінгвістычная геаграфія — раздзел дыялекталогіі, што вывучае тэрытарыяльнае размяшчэнне дыялектных з’яў, якімі адрозніваюцца дыялекты дадзенай мовы.

|| прым. лінгвагеаграфі́чны, -ая, -ае.

лінгві́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

Спецыяліст у галіне лінгвістыкі, мовазнавец.

|| ж. лінгві́стка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так.

лінгві́стыка, -і, ДМ -тыцы, ж.

Навука аб мове; мовазнаўства.

|| прым. лінгвісты́чны, -ая, -ае.

ліне́іць, -не́ю, -не́іш, -не́іць; -не́ены; незак., што.

Праводзіць на чым-н. паралельныя лініі для пісання па іх.

Л. паперу.

|| зак. наліне́іць, -не́ю, -не́іш, -не́іць; -не́ены.

|| наз. ліне́енне, -я, н. і лінёўка, -і, ДМ -ўцы, ж. (разм.).

|| прым. ліне́ельны, -ая, -ае.

ліне́йка¹, -і, ДМе́йцы, мн. -і, -не́ек, ж.

1. Прамая лінія на паперы або дошцы, якая дапамагае пісаць роўнымі радкамі.

Сшытак у лінейку.

2. Інструмент, прылада ў выглядзе планкі для вычэрчвання прамых ліній, для вымярэння.

Маштабная л.

Лагарыфмічная л. (прыбор для вылічэнняў).

3. Строй у шарэнгу; збор (школьны, вайсковы), на якім удзельнікі выстраены ў шарэнгі.

Пастроіцца ў лінейку.

4. Адна з дарожак унутры лагера, якая падзяляе яго на прамавугольныя ўчасткі (спец.).

|| памянш. ліне́ечка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

|| прым. ліне́ечны, -ая, -ае (да 1, 2 і 3 знач.).

ліне́йка², -і, ДМе́йцы, мн. -і, -не́ек, ж. (уст.).

Мнагамесны адкрыты экіпаж з бакавымі падоўжанымі сядзеннямі.

|| прым. ліне́ечны, -ая, -ае.

ліне́йны, -ая, -ае.

1. Які мае выгляд лініі, складаецца з ліній, мае адносіны да лініі (у 1 знач.).

Л. арнамент.

Лінейныя меры даўжыні.

2. Тое, што і рэгулярны (у 2 знач.; уст.).

Лінейныя войскі.

3. Які складае аснову баявых злучэнняў флоту.

Л. крэйсер.

4. Прызначаны для абслугоўвання лініі сувязі ці шляхоў зносін.

Лінейная міліцыя.

Л. манцёр.

Лінейная скорасць — скорасць руху, якая вызначаецца па даўжыні шляху, пройдзенага за адзінку часу.