Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

дзі́ва, -а, мн. -ы, -аў, н.

Тое, што выклікае здзіўленне, цуд.

Сапраўднае д.

Што за д.? Вось гэта дык д.!

Дзіва дзіўнае (разм.) — вялікае дзіва.

Дзіву давацца (разм.) — моцна здзіўляцца.

На дзіва (разм.) — надта добра (удацца, выйсці, атрымацца).

дзіва́к, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.

Чалавек з незвычайнымі схільнасцямі, звычкамі, поглядамі; арыгінал.

Вунь чаго натварыў гэты д.

|| ж. дзіва́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак.

дзівакава́ты, -ая, -ае (разм.).

Дзівацкі, з дзівацтвамі (пра чалавека).

Д. дзед.

|| наз. дзівакава́тасць, -і, ж.

дзівасі́л, -у, м.

Травяністая шматгадовая расліна сямейства складанакветных з вялікім прадаўгаватым лісцем і жоўтымі кветкамі, якая выкарыстоўваецца ў медыцыне.

|| прым. дзівасі́лавы, -ая, -ае.

дзіва́цкі, -ая, -ае.

Дзіўны, незвычайны, арыгінальны.

Д. учынак.

дзіва́цтва, -а, н.

1. Незвычайнасць у схільнасцях, звычках, паводзінах.

2. мн. -ы, -аў. Дзівацкі ўчынак; капрыз.

дзіві́цца, дзіўлю́ся, дзі́вішся, дзі́віцца; незак.

1. з каго-чаго. Прыходзіць у здзіўленне.

Лесаруб дзівіўся з сына, як той карчуе пні.

Дзіўлюся з вашай настойлівасці і ўмельства.

2. кім-чым, на каго-што. Захапляцца.

Ён дзівіўся чысцінёй вуліц і парадкам.

Кожную ночку на зорку дзіўлюся.

дзіві́ць, дзіўлю́, дзі́віш, дзі́віць; незак., каго-што.

Выклікаць здзіўленне, рабіць моцнае ўражанне.

Хірурга дзівіла цярплівасць раненага.

Яна прыгажосцю дзівіла.

дзіво́сны, -ая, -ае.

1. Незвычайны, казачна-дзіўны.

На вокнах дзівосныя ўзоры пакінуў мароз.

2. Цудоўны, непараўнальны па харастве.

Дрэвы стаялі ў сваім дзівосным жоўта-барвовым убранні.

Дзівосна (прысл.) гучала жалейка.

3. Вельмі добры, выдатнай якасці.

Ад дзівоснай стрэльбы вачэй не адарваць.

|| наз. дзіво́снасць, -і, ж.

дзі́да, -ы, ДМ -дзе, мн. -ы, дзід, ж.

1. Старадаўняя колючая зброя ў выглядзе доўгага дрэўка з вострым металічным наканечнікам; піка.

2. перан. Пра што-н. высокае, вастраверхае.

Далёка за полем узвышалася ў неба чорная дзіда касцёла.