Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

бля́клы, -ая, -ае.

Які страціў яркасць афарбоўкі, свежасць.

Б. колер.

Бляклая трава.

|| наз. бля́класць, -і, ж.

бля́кнуць, -ну, -неш, -не; -ні; незак.

1. Траціць яркасць, свежасць афарбоўкі; рабіцца невыразным.

Блякнуць краскі лета.

Блякнуць вочы.

2. перан. Траціць яркасць, сілу ўздзеяння.

Блякнуць успаміны.

|| зак. пабля́кнуць, -ну, -неш, -не; -ні.

бля́мкаць, -аю, -аеш, -ае; незак. (разм.).

Бразгаць чым-н. металічным.

Б. клямкай.

|| зак. забля́мкаць, -аю, -аеш, -ае.

|| аднакр. бля́мкнуць, -ну, -неш, -не; -ні.

|| наз. бля́мканне, -я, н.

бляск, -у, м.

1. Яркае, асляпляльнае святло; водбліск.

Асляпляльны б.

Начысціць боты да бляску.

Б. лыжак.

2. Святло ў вачах як выражэнне ўнутранага стану.

Б. вачэй.

3. перан. Пра яркае выяўленне чаго-н.

Б. таленту.

З бляскам (разм.) — вельмі добра, выдатна.

блясна́, -ы́, мн. блёсны і (з ліч. 2, 3, 4) блясны́, блёсен і -наў, ж.

Прынада для рыбы ў выглядзе бліскучай металічнай бляшкі.

бля́ха, -і, ДМ бля́се, мн. -і, блях, ж.

1. Тонкае ліставое жалеза або асобны ліст такога жалеза.

Накрыць хату бляхай.

2. Знак у выглядзе металічнай пласцінкі з надпісам або нумарам, які сведчыць аб службовых абавязках таго, хто яго носіць.

Б. на грудзях.

3. Тонкі ліст жалеза з загнутымі краямі, на якім пякуць або смажаць што-н.

|| памянш. бля́шка, -і, ДМ -шцы, мн. -і, -шак (да 2 знач.).

|| прым. бляша́ны, -ая, -ае (да 1 знач.).

бляха́р, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м.

Майстар, які вырабляе рэчы з бляхі (у 1 знач.) або крые бляхаю дах.

|| прым. бляха́рны, -ая, -ае.

бляша́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж.

Бляшаная пасудзіна звычайна цыліндрычнай формы.

Б. кансерваў.

бля́шка, -і, ДМ -шцы, мн. -і, -шак, ж.

1. гл. бляха.

2. Кавалачак бляхі (у 1 знач.).

бляя́ць, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., бляе́; незак.

Крычаць (пра авечак, коз).

|| наз. бляя́нне, -я, н.