Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

серабры́сты, -ая, -ае.

1. Які колерам і бляскам нагадвае серабро.

С. іней.

Серабрыстая луска.

Серабрыстыя скроні (з сівізной). Серабрыстая таполя (таполя, у якой лісце з ніжняга боку пакрыта пушком).

2. перан. Меладычна-звонкі, высокага тону.

С. голас жаўранка.

|| наз. серабры́стасць, -і, ж.

серабры́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -ры́цца; незак.

1. Зіхацець сярэбраным бляскам.

Серабрыцца бяроза на сонцы.

2. Сівець, зіхацець сівізной.

Скроні серабрацца.

серабры́ць, -ру́, -ры́ш, -ры́ць; -ры́м, -рыце́, -ра́ць; -ро́ны; незак., што.

Пакрываць тонкім слоем серабра; надаваць чаму-н. серабрысты колер, бляск.

С. відэльцы.

Месяц серабрыў хвалі.

|| зак. вы́серабрыць, -ру, -рыш, -рыць; -раны і пасерабры́ць, -ру́, -ры́ш, -ры́ць; -ры́м, -рыце́, -ра́ць; пасярэ́браны.

|| наз. серабрэ́нне, -я, н.

серавадаро́д, -у, М -дзе, м.

Газ з рэзкім непрыемным пахам, які ўтвараецца пры гніенні бялковых рэчываў.

|| прым. серавадаро́дны, -ая, -ае.

серавугляро́д, -у, М -дзе, м.

Бясколерная, лёгкая на загаранне ядавітая вадкасць з непрыемным пахам.

|| прым. серавугляро́дны, -ая, -ае.

серада́, -ы́, ДМ -дзе́, мн. се́рады і (з ліч. 2, 3, 4) серады́, се́рад, ж.

Трэці (пасля нядзелі) дзень тыдня.

серадня́к, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.

1. гіст. Селянін-аднаасобнік, які меў зямельны ўчастак, апрацоўваў яго ўласнымі сіламі без наёмнай працы і па сваім маёмасным становішчы знаходзіўся паміж бедняком і кулаком.

2. Чалавек сярэдніх здольнасцей, які нічым асаблівым не вылучаецца.

|| ж. серадня́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак (да 1 знач.).

|| прым. серадня́цкі, -ая, -ае (да 1 знач.).

сера́ль, -я, мн. -і, -яў, м.

1. У краінах Усходу — палац султана.

2. Тое, што і гарэм.

серафі́м, -а, мн. -ы, -аў, м.

У хрысціянскай і іўдзейскай рэлігіі — шасцікрылы анёл вышэйшага рангу.

сербалужыча́не, -ча́н, адз. сербалужыча́нін, -а, м.

Тое, што і лужычане.

|| ж. сербалужыча́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак.

|| прым. сербалу́жыцкі, -ая, -ае.

Сербалужыцкая літаратура (на верхня- і ніжнялужыцкай літаратурных мовах).