Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

сегрэга́цыя, -і, ж. (кніжн.).

1. Адзін з відаў расавай дыскрымінацыі — абмежаванне ў правах на падставе колеру скуры або нацыянальнай прыналежнасці.

2. Неаднароднасць хімічнага саставу металічных сплаваў, што ўзнікла пры іх крышталізацыі (спец.).

|| прым. сегрэгацы́йны, -ая, -ае.

се́дала, -а, мн. -ы, -аў, н.

1. Жэрдка або некалькі жэрдак у куратніку, на якія садзяцца ноччу куры; курасадня.

2. перан. Месца, дзе чалавек пражыў многа гадоў; абжыты куток.

Пакінуць роднае с.

седлава́нне, -я, н.

1. гл. сядлаць.

2. Спосаб, якім асядланы конь (спец.).

Паходнае с.

седлаві́на, -ы, мн. -ы, -ві́н, ж.

1. Прагіб у спіне жывёлін (спец.).

2. Невялікая прадаўгаватая ўпадзіна паміж дзвюма высокімі вяршынямі ў горным хрыбце.

седлавы́ гл. сядло.

сезо́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Адна з чатырох пор года.

Зімовы с.

Не па сезоне апрануцца.

2. Частка года, якая з’яўляецца найбольш прыдатнай для якой-н. работы, адпачынку і пад.

С. адпачынкаў.

Канцэртны с. філармоніі.

На чарніцы яшчэ не с. (не паспелі). Купальны с.

сезо́ннік, -а, мн. -і, -аў, м. (разм.).

Рабочы на сезонных работах.

|| ж. сезо́нніца, -ы, мн. -ы, -ніц.

сезо́нны, -ая, -ае.

Які мае адносіны да пэўнага сезона.

Сезонныя рабочыя.

Сезоннае адзенне.

|| наз. сезо́ннасць, -і, ж. (да 1 знач.).

се́йбіт, -а, М -біце, мн. -ы, -аў, м.

1. Той, хто сее зерне.

С. трывожыцца за лёс ураджаю.

2. перан. Чалавек, які распаўсюджвае ідэі, веды.

С. разумнага, добрага, вечнага.

сейм, -а, мн. -ы, -аў, м.

Назва парламента ў некаторых дзяржавах.

|| прым. се́ймавы, -ая, -ае.