свяці́цца, свячу́ся, све́цішся, све́ціцца; незак.
1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Выпраменьваць святло.
На небе свяціліся зоркі.
У вокнах свяціліся агеньчыкі.
2. перан. Пра твар, вочы: іскрыцца радасцю, святлом, ажыўляцца ад шчасця.
Твар бабулі свяціўся дабратой.
|| наз. свячэ́нне, -я, н. (да 1 знач.).
свяці́ць¹, свячу́, све́ціш, све́ціць; незак.
1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Выпраменьваць святло.
Цэлы дзень свеціць сонца.
Свеціць, ды не грэе (загадка).
2. Накіроўваць святло так, каб каму-н. было ўсё відаць.
С. ліхтарыкам.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Быць азораным радасцю, шчасцем і пад. (разм.).
Вочы свяцілі радасцю.
|| зак. пасвяці́ць, -свячу́, -све́ціш, -све́ціць (да 1 і 2 знач.).
свяці́ць², свячу́, све́ціш, све́ціць; незак., каго-што.
Выконваць над кім-н., чым-н. царкоўны абрад асвячэння.
С. ваду.
С. хату.
|| зак. асвяці́ць, асвячу́, асве́ціш, асве́ціць; асвячо́ны.
свяшчэннадзе́йнічаць, -аю, -аеш, -ае; незак.
1. Выконваць які-н. царкоўны абрад.
2. перан. Рабіць што-н. урачыста і паважна (іран.).
|| наз. свяшчэннадзе́йства, -а, н.
свяшчэннаслужы́цель, -я, мн. -і, -яў, м.
Асоба, якая адпраўляе набажэнства і трэбы.
|| прым. свяшчэннаслужы́цельскі, -ая, -ае.
свяшчэ́ннік, -а, мн. -і, -аў, м.
Тое, што і святар.
|| прым. свяшчэ́нніцкі, -ая, -ае.
свяшчэ́нны, -ая, -ае.
1. Выключна важны, асабліва пачэсны, святы (у 4 знач.; высок.).
С. абавязак.
С. доўг.
2. У рэлігіі: які валодае святасцю, адпавядае рэлігійнаму ідэалу; боскі.
С. абрад.
Свяшчэннае пісанне.
3. Недатыкальны, непарушны.
Свяшчэнная граніца нашай краіны.
сеа́нс, -а, мн. -ы, -аў, м.
1. Паказ або выкананне чаго-н. у пэўны прамежак часу без перапынку.
С. адначасовай гульні.
Тры сеансы інгаляцыі.
2. Адзін з некалькіх (у розны час дня) паказаў фільма ў кінатэатры.
Вячэрні с.
севазваро́т, -у, М -ро́це, мн. -ы, -аў, м.
У сельскай гаспадарцы: паслядоўнае чаргаванне сельскагаспадарчых культур на пэўных зямельных участках.
Кармавыя севазвароты.
|| прым. севазваро́тны, -ая, -ае.
сегме́нт, -а, М -нце, мн. -ы, -аў, м.
1. У геаметрыі: частка круга, абмежаваная дугой і яе хордай, а таксама частка шара, аддзеленая сякучай плоскасцю.
2. Адзін з многіх аднародных членікаў цела некаторых жывёл, а таксама адзін з некалькіх аднародных участкаў якога-н. органа (спец.).
С. пазваночніка.
|| прым. сегме́нтны, -ая, -ае.