зрэз, -у, мн. -ы, -аў, м.
1. Месца, па якім зрэзана, разрэзана што-н., а таксама зрэзаная частка чаго-н.; тое, што зрэзана.
З. бервяна.
2. перан. Стан чаго-н. у пэўны перыяд развіцця, руху.
Сінхронны з.
зрэ́заны, -ая, -ае.
Тупы ад доўгага карыстання.
Зрэзанае лязо нажа.
зрэ́зацца, зрэ́жуся, зрэ́жашся, зрэ́жацца; зрэ́жся; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прытупіцца або паменшыцца ад доўгага карыстання.
Нож зусім зрэзаўся.
2. з кім і без дап. Уступіць у спрэчку, сварку, схапіцца (разм.).
Спрачальнікі зрэзаліся.
3. перан. Не вытрымаць экзамену (разм.).
З. на экзамене.
|| незак. зраза́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.
зрэ́заць, зрэ́жу, зрэ́жаш, зрэ́жа; зрэж; зрэ́заны; зак.
1. гл. рэзаць.
2. што. Адрэзаць ці абрэзаць зверху; спілаваць.
З. галінку.
З. гарэлую скарынку.
З. дрэва.
3. што. Разрэзаць на многа частак, зрабіць на чым-н. многа парэзаў ці парэзаць усё, многае для якой-н. мэты.
З. лаўку нажом.
З. салому на корм жывёле.
4. перан., што. Пакрыць барознамі, палоскамі, перасечанымі лініямі.
Канавы зрэзалі ўсё поле.
З. дарогу коламі.
5. перан., што. Скараціць, зменшыць.
З. фонды.
З. ліміты.
|| незак. зраза́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
зрэ́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж.
Адтуліна ў радужнай абалонцы, праз якую ў вока пранікае святло.
|| прым. зрэ́нкавы, -ая, -ае.
зрэ́шты
1. у знач. злуч. далучальнага. Злучае сказ (ці яго частку), абмяжоўваючы сэнс папярэдняга, у знач.: аднак, хоць і.
Раман цікавы, з. не ва ўсіх месцах.
2. у знач. пабочн. сл. Паказвае на раптоўную перамену гаворкі, на нерашучасць пры выказванні.
Ён там вельмі хваляваўся, як, з., і ўсе мы разам з ім.