Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

вільго́тны, -ая, -ае.

Насычаны вільгаццю, мокры, сыры.

Вільготная зямля.

ві́льчык, -а, мн. -і, -аў, м.

Верхні стык двух бакоў страхі; канёк.

|| прым. ві́льчыкавы, -ая, -ае.

віля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е; незак.

1. чым. Хістаць, паварочваць з боку ў бок.

В. хвастом.

2. Рухацца па звілістай лініі або рабіць крутыя павароты.

Дарога віляла паміж скал.

3. перан. Вагацца ў разважаннях, ухіляцца ад прамога адказу (разм.).

Трэба гаварыць праўду, а не в.

|| аднакр. вільну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ (да 1 і 2 знач.).

|| наз. віля́нне, -я, н.

віна́, -ы́, мн. ві́ны і (з ліч. 2, 3, 4) віны́, він, ж.

1. Нядобры ўчынак, правіннасць.

Разумець сваю віну.

Даказаць віну.

2. адз. Прычына, крыніца чаго-н. (неспрыяльнага).

Па чыёй-н. віне (гэта значыць з-за каго-н.).

вінава́льны,

У выразе: вінавальны склон — склон, які адказвае на пытанні: каго? што?

вінава́ты, -ая, -ае; -ва́т, -а.

1. Які правініўся ў чым-н., зрабіў злачынства.

Прызнаць вінаватым.

В. ў крадзяжы.

Я вінавата перад вамі.

2. поўн. ф. Які выяўляе ўсведамленне сваёй віны.

В. голас.

Вінавата (прысл.) паглядзець.

3. Які вінен каму-н., мае доўг.

Я яму в. трыццаць рублёў.

|| наз. вінава́тасць, -і, ж.

вінава́ціцца, -ва́чуся, -ва́цішся, -ва́ціцца; незак.

Дакараць сябе, прызнаючы якую-н. віну, каяцца.

|| зак. павінава́ціцца, -ва́чуся, -ва́цішся, -ва́ціцца.

вінава́ціць, -ва́чу, -ва́ціш, -ва́ціць; незак., каго.

Абвінавачваць, лічыць вінаватым; асуджаць.

Ва ўсім вінаваціў толькі іншых.

вінагра́д, -у, М -дзе, м.

Павойная паўднёвая кустовая расліна з салодкімі буйнымі ягадамі, а таксама ягады гэтай расліны, якія ідуць у ежу і на выраб віна.

|| прым. вінагра́дны, -ая, -ае.

В. сок.

вінагра́дар, -а, мн. -ы, -аў, м.

Той, хто займаецца вінаградарствам (у 1 знач.).

|| прым. вінагра́дарскі, -ая, -ае.